Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СТРАСБУР ГЭТЫМ РАЗАМ ЕДЗЕ ТОЛЬКІ АДНА БЕЛАРУСКАЯ ДЭЛЕГАЦЫЯ


Уладзімер Глод, Менск

Згодна з папярэднім парадкам працы, 28 студзеня Камітэт у юрыдычных пытаньнях ПАРЭ разгледзіць сытуацыю са зьніклымі ў Беларусі. А 30 студзеня бюро Парлямэнцкай асамблеі абмяркуе, ці магчыма вярнуць Беларусі статус адмыслова запрошанага. Нагадаю, што менавіта рашэньнем бюро яшчэ 13 студзеня 1997 году гэты статус быў прыпынены — як рэакцыя на шматлікія парушэньні пры правядзеньні лістападаўскага (1996 году) рэфэрэндуму.

Зыходзячы з гэтай сытуацыі, спадар Раманчук адзначае, што прадстаўнікі “Пяцёркі+” будуць вырашаць у Страсбуры тры задачы:

(Раманчук: ) “Перадусім, гэта інфармаваньне ўсіх палітычных групаў, фракцыяў Парлямэнцкай асамблеі аб стварэньні кааліцыі, аб яе мэтах, аб пазытыўных пераменах, зьвязаных з кансалідацыяй беларускай супольнасьці перад парлямэнцкімі выбарамі. Другая мэта — гэта давядзеньне пазыцыі кааліцыі ў сувязі з тым, што на бюро Парлямэнцкай асамблеі будзе разглядацца пытаньне аб статусе Беларусі. Мы заяўляем сваю пазыцыю: у кантэксьце сёньняшніх падзеяў нельга вяртаць статусу. Трэцяя мэта — давесьці да эўрапейскіх палітыкаў нашыя прапановы аб далейшым супрацоўніцтве. Мы будзем таксама гаварыць аб неабходнасьці правядзеньня тэхнічнай канфэрэнцыі аб Беларусі”.

Лёс зьніклых у Беларусі — адна з важных тэмаў для Парлямэнцкай асамблеі. Гэтым разам спадар Раманчук атрымаў запрашэньне выступіць на паседжаньні юрыдычнага камітэту, прысьвечаным менавіта спробам эўрапейскіх парлямэнтароў дамагчыся пэўнай яснасьці ў гэтай справе. Мяркуецца, што са сваёй справаздачай тут выступіць і адмысловы дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Хрыстас Пургурыдэс.

Акрамя таго, дэлегацыя кааліцыі павезла ў Страсбур новую ініцыятыву. Яе сутнасьць тлумачыць Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Мы будзем гаварыць пра тое, каб эўрапарлямэнтары, многія зь якіх зьяўляюцца ўплывовымі фігурамі ў сваіх краінах, таксама падтрымалі нашу прапанову аб стварэньні на ўзроўні Эўразьвязу ці Эўрапарлямэнту адмысловай групы, якая каардынавала бы дзейнасьць усіх краінаў Эўразьвязу (з траўня іх ужо будзе 25) у дачыненьні да Беларусі”.

Што тычыцца дэлегацыі Палаты прадстаўнікоў, дык, як паведаміў кіраўнік управы інфармацыі Палаты Міхаіл Баброўка, вырашана гэтым разам дэлегацыі ў Страсбур не пасылаць. А кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец сказаў мне, што запрашэньняў для групы на гэтую сэсію не было. Аднак група накіравала ліст у Страсбур, у якім выказвае сваю пазыцыю: беларускія ўлады, на яе думку, не зрабілі адпаведных высілкаў, каб можна было ўзнаўляць статус адмыслова запрошанага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG