Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ВІЦЕБСКІЯ ЎЛАДЫ ЎШАНУЮЦЬ ПАМЯЦЬ ВАСІЛЯ БЫКАВА?


Браніслава Станкевіч, Віцебск

На сустрэчу з актывістамі ТБМ прыйшлі начальнік абласное ўправы інфармацыі Міхаіл Кузьміч, намесьніца начальніка ўправы культуры Ірына Козіна ды намесьнік старшыні аблвыканкаму Пётар Южык. Ініцыятыўная група таксама складалася з трох сябраў ТБМ — гэта выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Міхась Ляўковіч ды Юрась Бабіч, а таксама старшыня рады Іосіф Навумчык. Паводле ягоных словаў, сустрэча ў аблвыканкаме, якую сябры ТБМ пачалі з таго, што падзякавалі за грошы на стварэньне музэю Быкава ў вёсцы Бычкі ды выказалі намер на далейшае супрацоўніцтва, скончылася тым, што прадстаўнікі ўладаў выказалі незадавальненьне актыўнасьцю грамадзкае арганізацыі.

Найбольш абуральным прадстаўнікам аблвыканкаму падалося тое, што сябры ТБМ так настойліва вяртаюцца да праблемаў ушанаваньня памяці Васіля Быкава, проста змушаючы кіраўнікоў таксама працаваць у гэтым кірунку.

(Навумчык: ) “Мы былі непрыемна ўражаныя атмасфэрай гэтае сустрэчы. Зь першых жа хвілінаў мы адчулі нежаданьне спадара Южыка весьці з намі канструктыўную размову. Ён адразу ж абраў зьневажальны ды абразьлівы тон. А ў ягоных камэнтарах гучала такая думка: як гэта нейкая недзяржаўная грамадзкая арганізацыя пасьмела выказваць, ды яшчэ так настойліва, свае прапановы ўшанаваньня памяці Быкава. Маўляў, мы самі ведаем, што нам рабіць! І практычна ніякага абмеркаваньня нашых прапановаў не адбылося…

Калі я распавёў пра гэта аднаму свайму знаёмаму паэту ды грамадзкаму дзеячу, той сказаў: “А што ты думаў? Дзіўна было б, каб адбылося інакш: віцебскім “вэртыкальшчыкам” ёсьць у каго павучыцца такому зьняважліваму, хамскаму тону размовы з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі ды грамадзкіх арганізацыяў”.

Яшчэ ў кастрычніку мінулага году Віцебская рада ТБМ прапанавала назваць у гонар Васіля Быкава вуліцу ў Віцебску, перайменаваць абласную бібліятэку імя Леніна ў бібліятэку імя Васіля Быкава, стварыць мэмарыяльны музэй на радзіме пісьменьніка. І толькі апошняя прапанова знайшла водгук у віцебскіх уладаў — на рэстаўрацыю роднай хаты Быкава ў вёсцы Бычкі Вушацкага раёну, каб пазьней стварыць там музэй, аблвыканкам гатовы выдаткаваць 30 мільёнаў рублёў. Што да іншых прапановаў, то іх віцебскія сябры ТБМ гатовыя ажыцьцяўляць самастойна, сваімі сіламі ды сродкамі.

(Навумчык: ) “Будзем працаваць, рыхтавацца да 80-х угодкаў Васіля Быкава: пройдуць чытацкія канфэрэнцыі, сустрэчы зь пісьменьнікамі, будзем зьбіраць сродкі на помнік Быкаву… Але хацелася б сказаць тым вэртыкальшчыкам, якія, магчыма, слухаюць гэтую перадачу, што да думкі грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку й такой, як наша, варта прыслухоўвацца! Улада мусіць існаваць дзеля людзей, а не наадварот! І яна ня зможа не зрабіць нічога ў гэты год! Маю надзею, што прадстаўнікі ўладных структураў, у тым ліку й кіраўніцтва аблвыканкаму (а спадар Южык ёсьць усяго толькі адным прадстаўніком гэтае структуры) усё ж такі адгукнецца на гэтую дату канкрэтнымі справамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG