Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТРАЙК КІРОЎЦАЎ РАЁННАЙ СПАЖЫВЕЦКАЙ КААПЭРАЦЫІ Ў БРАГІНЕ


Казімер Яноўскі, Брагін

Уранку кіроўцы Брагінскай аўтакалёны раённай спажывецкай каапэрацыі прыйшлі на свае месцы, але працы не распачыналі. Распавядае кіроўца, які назваўся Іванам:

(Іван: ) “Цяпер сядзяць усе ў аўтакалёне. Страйкуюць! Ніводнай аўтамашыны — ні хлебнай, ні фургонаў — ня выехала. Мы патрабуем, каб нам аддалі заробак за лістапад і сьнежань, а таксама вырашылі з распарадкам працы. Мы працуем на тыдзень шэсьць дзён, іншым разам і ў нядзелю працуем. За пераработку нам ня плацяць”.

Калегу дапаўняе спадар Пётар:

(Пётар: ) “Немагчыма так працаваць. Шасьцідзёнку зрабілі, выходныя працуй — усё адно ня плацяць. Дзе гэткае бачна?! Можна сказаць, як рабы. Пазразалі гадзіны, пазразалі заробак. Працуем так. За кватэру заплаціш, за электрычнасьць, тэлефон, газ — і ўсё. Дзецям няма за што купіць, на хлеб выкройваеш”.

Кіроўцы пісьмова папярэдзілі адміністрацыю раённай спажывецкай каапэрацыі, што калі да 21 студзеня ня будзе сплачаны заробак і ня вырашанае пытаньне з аплатай працы ў выходныя, то 22 студзеня яны распачнуць страйк. Адміністрацыя асабліва ня рупілася, і сёньня кіроўцы спраўдзілі свой намер.

(Іван: ) “Будзем страйкаваць да таго часу, пакуль не прыедзе старшыня раённага спажывецкага таварыства і ня ўзгодніць рабочага часу, выдачы заробку і наогул як працаваць нам надалей”, — заяўляе кіроўца, што назваўся Іванам.

Канфлікт кіроўцаў і адміністрацыі спажывецкай каапэрацыі ўжо здараўся мінулым летам. Тады, як сьцьвярджаюць кіроўцы, падманным шляхам старшыня раённага спажывецкага таварыства Зоя Радзюжка ўгаварыла іх ня спыняць працы. Аднак праз паўгоду сытуацыя паўтарылася.

Сваё меркаваньне выказвае намесьніца старшыні раённай спажывецкай каапэрацыі Сьвятлана Чэкан:

(Чэкан: ) “Цяпер у аўтакалёне знаходзіцца касір і выдае заробак. У выходныя дні кіроўцы выяжджаюць паводле графіку і атрымліваюць за гэта адгулы. Канечне, зь іх боку, што на пяць дзён затрымалі заробак, прэтэнзія правільная. Заўсёды ёсьць прэтэнзіі ў працаўнікоў, і заўсёды яны ёсьць у адміністрацыі. Усё гэта можна было вырашыць нармалёвым шляхам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG