Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКАЎ ГУТМАН У ПЕРАДІНФАРКТНЫМ СТАНЕ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Я сустрэўся зь Якавам Гутманам у кардыялягічным аддзяленьні 9-га менскага шпіталю. Выгляд у яго быў не зусім здаровы, і таму найперш я пацікавіўся, як ён сябе адчувае:

(Гутман: ) “Мне баліць сэрца, трохі баліць галава. Ну і так, як кажуць, агульная млявасьць”.

(Карэспандэнт: ) “Ну, а што гавораць лекары?”

(Гутман: ) “Яны ня ведаюць, таму што ім трэба паглядзець кардыяграму ў дынаміцы — учора, сёньня, заўтра, пазаўтра. Яны сказалі, што ім трэба зразумець, ці ёсьць нейкая стабільнасьць, ці ёсьць паляпшэньне, ці трэба чакаць пагаршэньня”.

Папярэдне лекары вызначылі стан спадара Гутмана як перадінфарктны.

21 студзеня Якаў Гутман арганізаваў пікет насупраць будынку адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Ён пратэставаў супраць разбурэньня ўладамі дзьвюх сынагогаў у Менску, а таксама супраць зьнішчэньня габрэйскіх могілак і памятнага знаку ахвярам Галякосту ў Мазыры, Горадні й Рагачове. Міліцыянты затрымалі Якава Гутмана, які цэлы тыдзень трымаў галадоўку, і даставілі яго ў пастарунак. Але там яму стала млосна, і габрэйскі актывіст быў шпіталізаваны. У машыне хуткай дапамогі спадара Гутмана суправаджаў міліцыянт.

Міліцыянты не складалі пратаколу аб правапарушэньні Якава Гутмана і нават прывезьлі ў шпіталь яго куртку з надпісам: “Аляксандар Рыгоравіч, на вас ляжыць асабістая адказнасьць за разбурэньне габрэйскіх сьвятыняў”.

Якаў Гутман лічыць, што ўлады ня хочуць, каб яго акцыя пратэсту набыла грамадзкі й міжнародны розгалас:

(Гутман: ) “Я так разумею, яны даюць мне “хабар”. Калі яны не пасадзілі мяне на Акрэсьціна тыдзень таму, я так разумею, што гэта “хабар”: мы цябе не чапаем, і ты нас не чапай. І калі яны рэальна закрылі ўчорашнюю справу, я разумею, што яны робяць спробу яшчэ раз даць мне “хабар”. Каб я ціха адсюль зьехаў і не муціў ім вады”.

Якаў Гутман сказаў, што зьяжджаць зь Беларусі не зьбіраецца. І не зьбіраецца спыняць акцыяў пратэсту супраць зьнішчэньня ў Беларусі габрэйскіх сьвятыняў.


Усясьветная асацыяцыя беларускіх габрэяў была зарэгістраваная ў ЗША ў 1993 годзе. Паводле прэзыдэнта асацыяцыі Якава Гутмана, яна аб’ядноўвае каля 4 000 габрэяў – выхадцаў зь Беларусі. Пераважная большасьць сябраў асацыяцыі жыве ў ЗША, Канадзе і Ізраілі.

Паводле перапісу 1999 году, у Беларусі жыве каля 29 000 габрэяў. У 1989 годзе у Беларусі жыло 110 000 габрэяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG