Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦЭДУРУ АСАБІСТАГА АГЛЯДУ НА МЯЖЫ ПРАХОДЗЯЦЬ КАЛЯ 3% ГРАМАДЗЯНАЎ БЕЛАРУСІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Паводле Аляксандра Шпілеўскага, працэдуру асабістага агляду на мяжы праходзяць толькі прыкладна 3% грамадзянаў Беларусі. Але чаму ў гэтыя 3% рэгулярна трапляюць лідэры апазыцыі, старшыня мытнага камітэту не патлумачыў. Ён заявіў, што для мытнай службы ня мае значэньня, хто перасякае мяжу.

(Шпілеўскі: ) “Мы правяраем усіх грамадзянаў, акрамя прэзыдэнта і прэм’ер-міністра, калі тыя выпраўляюцца ў службовыя паездкі. Калі трэба, запрашаем грамадзянаў на асабісты агляд. Гэта вырашаюць інспэктар з начальнікам мытнага пункту. Значыць, неадэкватна сябе паводзілі”, — гэтак старшыня мытнага камітэту пракамэнтаваў нядаўні выпадак з асабістым аглядам на мяжы лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслава Шушкевіча і Беларускай партыі працы Аляксандра Бухвостава.

Нагадаем, 19 студзеня беларуска-польскую мяжу перасякалі лідэры апазыцыйнай кааліцыі “5+” Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Алег Грамыка, Станіслаў Шушкевіч і Аляксандар Бухвостаў. У іх праверылі дакумэнты і агледзелі асабістыя рэчы. Але гэтым не абмежаваліся. Станіслава Шушкевіча і Аляксандра Бухвостава запрасілі на асабісты агляд — працэдуру, якой звычайна падвяргаюць асобаў, падазраваных у перамяшчэньні наркотыкаў ці іншых забароненых рэчаў. Агляд палітыкаў праводзіўся пад кантролем прадстаўнікоў беларускіх спэцслужбаў, але нічога забароненага ў апазыцыянэраў не знайшлі. Лідэры кааліцыі “5+” у адмысловай заяве з гэтай нагоды адзначылі, што лічаць падобныя дзеяньні ўладаў “сплянаванай правакацыяй” і “ нэрвовай рэакцыяй на стварэньне дэмакратычнага блёку”.

Інцыдэнты на мяжы з удзелам апазыцыйных палітыкаў за апошнія гады здараюцца часта. Апазыцыянэраў падвяргаюць асабістаму агляду, у іх забіраюць друкаваныя матэрыялы і розныя дакумэнты, нават высаджваюць зь цягнікоў. У розны час праз гэта прайшлі Вінцук Вячорка, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Нісьцюк ды іншыя палітыкі. А летась восеньню аналягічныя прэтэнзіі да мытнікаў выказвалі дэпутаты Ўладзімер Парфяновіч і Валер Фралоў. Аднак яшчэ нікому не ўдалося даказаць, што на мяжы зь ім абышліся незаконна.

Дарэчы, прэтэнзіі да мытнай службы Беларусі выказваюць таксама замежнікі. Летась расейскі амбасадар ў Беларусі Аляксандар Блахін публічна абвінаваціў беларускую мытню “ў маштабнай і мэтанакіраванай канфіскацыі расейскіх грузаў”. Аляксандар Шпілеўскі сёньня прызнаў, што гэтыя прэтэнзіі нядаўна абмяркоўваліся падчас ягонай размовы з кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам. Пры гэтым старшыня мытнага камітэту заўважыў, што наўпрост да яго прадстаўнікі расейскай амбасады ніколі не зьвярталіся і не спрабавалі разабрацца, чаму былі сканфіскаваныя партыі тавараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG