Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЗ 100 ДЗЁН 10 НОВЫХ КРАІНАЎ ДАЛУЧАЦЦА ДА ЭЎРАПЕЙСКАГА ЗЬВЯЗУ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Ад 1 траўня 2004 году, каб паехаць у краіны Заходняй Эўропы, грамадзянам большасьці дзяржаваў-новых сябраў Эўразьвязу не спатрэбіцца нават пашпарт – замест яго можна будзе прад’явіць унутранае пасьведчаньне асобы. Амаль што зьнікне мытны кантроль.

Людвіка Вітушкава, эканаміст з Вільні, кажа, што сярод зьменаў, якія адбудуцца пасьля далучэньня Літвы да Эўразьвязу, яе найбольш цешыць менавіта скасаваньне абмежаваньняў у падарожжах.

(Вітушкава: ) “Я чакаю, што лепш будзе перасоўвацца па Эўропе. Я ўжо адчула такі камфорт, калі езьдзіла з дачкой за мяжу. Бязьвізавыя паездкі – гэта вельмі станоўчы момант”.

Ужо ў траўні, прыкладам, палякі змогуць легальна працаваць у Вялікай Брытаніі, Ірляндыі і Даніі – плаціць там падаткі, мець мэдычнае забесьпячэньне і права на пэнсію. А ўрады Швэцыі, Галяндыі і Грэцыі ў хуткім часе павінны вырашыць, ці адкрываць свае рынкі працы для грамадзянаў з новых краінаў-сябраў Эўразьвязу адразу, ці зрабіць гэта па пэўным часе.

Магчымасьць знайсьці добрую працу на роўных умовах з грамадзянамі іншых краінаў падаецца прывабнай студэнтцы зь Беластоку Паўліне Шафран:

(Шафран: ) “Пасьля сканчэньня вучобы ёсьць надзея, што будзе праца. Бо цяпер, калі маеш дыплём, гэта ня значыць, што будзеш мець працу. Спадзяюся таксама, што маё веданьне беларускай мовы дапаможа мне знайсьці лепшую працу”.

Мікалай Антановіч нарадзіўся ў Беларусі, але ўжо чвэрць стагоддзя жыве і працуе лекарам ў Вугоршчыне. Паводле ягоных словаў, у гэтай краіне цяпер кожны лекар павінен прайсьці шэраг адмысловых курсаў, каб прыстасавацца да агульнаэўрапейскіх стандартаў.

(Антановіч: ) “Тыя, хто мае такія прафэсіі як мая, а таксама шэраг іншых, мусяць скончыць курсы падвышэньня кваліфікацыі. Курсаў шмат і яны ня лёгкія. Але затое праз пэўны час, калі будзе патрэба, я змагу знайсьці працу па спэцыяльнасьці ў тых краінах, што мне падабаюцца– у Фінляндыі ці Аўстрыі”.

Натуральна, што далучэньне да Эўразьвязу – гэта ня толькі магчымасьць свабодна падарожнічаць ці легальна працаваць у іншых краінах. Аднак менавіта такія, найбольш жыцьцёвыя рэчы падаюцца найбольш прывабнымі для тых, хто жыве ў 10 краінах, што хутка стануць часткай Аб’яднанай Эўропы. І беларусы тут не выключэньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG