Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХТО РАНА ЎСТАЕ, ТАМУ БОГ НЕ ДАЕ


Сьвятлана Курс, Менск

Пятая гадзіны раніцы. Выходжу з дому на лоўлю жаўранкаў — людзей, што устаюць на досьвітку. Выйшаўшы са свайго пад’езду, адразу сутыкаюся з бабулькай, якая аберуч трымаецца за сьцяну. Гэта Яўгенія Сямёнаўна з суседняга пад’езду. Аказваецца, самотная 64-гадовая жанчына ўчора на сяброўскай бяседзе выпіла лішняе, і цяпер ёй нядобра. Бабулька спрабуе дабрацца да суседняга пад’езду, дзе круглыя суткі гандлююць самагонкаю. Я адводжу яе да месца прызначэньня. Гэты жаўранак — паняволі.

Дарожкі ўжо пасыпаныя сьвежым пяском. Гэта пастараўся 55-гадовы спадар Міхаіл, які ўжо 34 гады ўстае раней за сонца.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, гэта вы пасыпалі дарожку?”

(Стары: ) “Так”.

(Карэспандэнтка: ) “І ў колькі Вы ўстаяце?”

(Стары: ) “Паўшостай, каб у шэсьць быць на працы”.

Тралейбус 36-га маршруту перапоўнены соннымі, незадаволенымі людзьмі. На пытаньні адказваюць буркліва. Мне ўдаецца выявіць, што бальшыня зь іх — рабочыя розных спэцыяльнасьцяў, якія 20–30 год працуюць на адным месцы і звыкліся ўставаць на сьвітанку. Прыкладана палова зь іх штодня п’юць моцную каву.

(Кіроўца тралейбуса: ) “Наступны прыпынак — вакзал”.

(Карэспандэнтка: ) “У колькі гадзінаў вы ўстаяце штодня?”

(Спадар: ) “У шэсьць. Прывык ужо ўставаць так рана”.

(Спадар: ) “У пяць гадзінаў ужо 34 гады. Усе 34 гады раблю ў першую зьмену”.

(Спадар: ) “У чатыры гадзіны ўстаю. Я агняўпоршчык”.

(Спадарыня: ) “Працую ў друкарні амаль 30 год”.

(Выхавальніца: ) “У мяне проста праца такая: з 7 да 7. Перад працай мне трэба прачнуцца за гадзіну, каб яшчэ папіць кавы тэрмаядзерную дозу. Мне яе муж гатуе, дзякуй яму”.

Рабочы Менскай цагельні Стась Рынкевіч катэгарычна ня згодны са сьцьверджаньнямі, што трэба прыстасаваць грамадзкае жыцьцё і пад патрэбы соваў. “Перабудоўвацца можа любы чалавек, абы не ленаваўся”, — кажа наш суразмоўца.

(Рынкевіч: ) “Асабіста я звык да ўсяго: працую ноччу, раніцай, пасплю дзьве гадзіны — і суткі магу ня спаць”.

Тэрміны “сава і жаўранак” узьніклі ў Эўропе ў 1970-я гады. І толькі пры канцы мінулага году ангельскія навукоўцы ў выніку 20-гадовых дасьледаваньняў, у якіх бралі ўдзел 3 тысяч чалавек, сьцьвердзілі: совы багацейшыя за жаўранкаў. Пакуль жаўрукі нясуцца на працу, змагаючыся зь недасыпам, коркамі на дарогах, сава нясьпешна прачынаецца, сьнедае й пачынае прадукаваць ідэі. Ведама, што ў сёньняшнім інфармацыйным грамадзтве ідэі ды інфармацыя каштуюць даражэй, чым матэрыяльная вытворчасьць.

(Псыхатэрапэўт Лашкевіч: ) “Сава” — чалавек, які засынае пасьля 11 вечара і прачынаецца пасьля васьмі раніцы. Трэць людзей — чыстыя жаўранкі, трэць — чыстыя совы, астатнія ўяўляюць сабою падтыпы — г.зв. галубы, якія дастасоўваюцца да любога тыпу”.

Раніцы жаўранкаў аўтаматычныя і нэрвовыя, падобныя адна на адну — прачынаньне, зборы, мыцьцё ўсяе сям’і, пасьпешлівы сьняданак. Раніцы соваў збольшага не падобныя адна на адну, аўтаматызм, які глыбока ўражвае псыхіку чалавека, совам не ўласьцівы.

Соваў штодзённа дыскрымінуюць у надзённа важных установах — банках, паліклініках ды падобных. Яны зачыняюцца а шостай, а сёмай, калі совы толькі пачынаюць “выпырхваць” з хаты.

Аднак на тое, каб легітымізаваць у масавай сьвядомасьці рацыю соваў, можа пайсьці шмат часу — совы лічацца гультаямі. Між тым, біялягічны рытм “сон-актыўнасьць” залежыць ад працы нэрвовых клетак. Кожная клетка мае свой біялягічны гадзіньнік, чыя праца цесна зьвязаная з генэтычнай інфармацыяй. Японскія навукоўцы летась вызначылі ген, які і робіць з чалавека саву. Навукоўцы прыйшлі да высновы, што соваў няварта лячыць і перавучваць. Бо гэта выклікае пастанныя дэпрэсіі.

Гаворыць Андрэй Туравец, вядучы псыхатэрапэўт Менскага гарадзкога цэнтру псыхалягічнай дапамогі сям’і.

(Туравец: ) “Тэмпэрамэнт біялягічна даецца чалавеку пры нараджэньні. Адтуль выцякаюць ягоныя біярытмы. Асяродак паступова зьмяняе біярытмы чалавека. За некалькі пакаленьняў яго можна перавучыць на іншыя біярытмы… Ідэальная сытуацыя — Брытанія і іншыя разьвітыя, багатыя краіны, якія могуць сабе дазволіць розныя арганізацыйныя магчымасьці для соваў і жаўранкаў і ў працы і ў вучобе. Але нашыя фінансавыя магчымасьці не даюць нам арганізаваць для соваў і жаўранкаў рацыйнага распарадку дня. Таму мы павінныя пачынаць адукоўваць пэдагогаў і адміністратараў навучальных установаў”.

Дарослыя могуць перабудаваць свае біярытмы зь невялікай шкодай для асобы. А дзеці — не. Найбольш пакутуюць дзеці-совы. У беларускіх садочках не дазваляюць прыводзіць дзяцей пазьней за 8.30. У школах таксама. Непасьпяховасьць і нездароўе шмат каго зь дзяцей тлумачыцца менавіта гэтым. А бацькі й пэдагогі ўсё сьпісваюць на ляноту й сьпешчанасьць. 100-адсоткавая прыкмета: калі ў здаровага дзіцяці робіцца бледным твар і ўзьнікаюць сталыя сінякі пад вачыма — гэта савяня, якое недасыпае.

Гаворыць псыхатэрапэўт-практык Людміла Яноўская:

(Яноўская: ) “Не, ні ў якім разе няварта перавучваць савяня. Пастарайцеся пакласьці яго дзесьці ў дзевяць гадзінаў. І не зьмяняйце рэжыму. Мамы такія добранькія: маўляў, хай дзіця пагуляе на 15 хвілінак больш, хай на гадзінку больш пагуляе, заўтра ж выходныя. А рэжым жа зьбіваецца за адзін раз, а аднаўляецца за тыдзень-паўтара!”

Міністэрства адукацыі сочыць, каб рэжым у садках і школах строга вытрымліваўся. І бацькі зь дзецьмі скараюцца неабходнасьці.

(Псыхатэрапэўт Лашкевіч: ) “Да заканчэньня школы чалавек не ўяўляе, што жыць можна інакш. Ён лічыць, што санлівасьць — гэта норма, а бадзёрасьць — рэдкае шчасьце. Між тым, усё мусіць быць наадварот. Вырастаюць пакаленьні працаголікаў, якія штораніцы нясуцца на працу, каб працаваць”.

У разьвітых краінах узьнікла нават новая навука — хронамэдыцына. У нас яе давядзецца чакаць доўга. Аднак цалкам магчыма, што ў будучыні пры прыёме на працу ў вас запытаюць ня толькі пра кваліфікацыі, але й пра хранатып. Яго вызначаць у кожнай паліклініцы паводле тэстаў і аналізаў.

Важным зьяўляецца вызначэньне хранатыпу і для шчасьця ў шлюбе. Бо ў жаўранкаў і соваў моцна разыходзяцца тыпы фізіялягічнай актыўнасьці. І калі сужэнцы ня ўлічваюць хранатыпу адзін аднаго, сэксуальныя стасункі ператвараюцца ў цяжкі абавязак для аднаго зь іх або для абодвух.

Парады для прабуджэньня соваў: раніцы будуць менш трагічнымі, калі вы будзеце прачынацца не пад будзільнік. У сучасных музцэнтрах ёсьць функцыя wake-up. Калі зранку праслухаць любімую мэлёдыю, прабуджэньне настане мякка. Адразу ж уставайце — ніякіх “паляжу хвілінку” і кідайцеся пад цёплы або гарачы душ, прыхапіўшы энэргетычны напой (паўшклянкі кіпню, палова лімона, мёд). Пасьля душа — філіжанка кавы альбо шклянка грэйпфрутавага соку. Сьняданак мусіць быць лёгкі — страўнік савы прачынаецца позна. А вось уночы совам можна есьці.

Жаўрук жа з раніцы можа есьці любую, нават цяжкую ежу. Кавы зранку лепей ня піць, лепш зялёную гарбату зь лімонам. Нанач жаўранкам лепей есьці вугляводную ежу кшталту кашаў. Такая ежа дапамагае заснуць. Каб не кляваць носам за позьняй бяседай, жаўранкам найлепш піць не віно, а моцныя напоі — гарэлку, каньяк, кальвадос ці кампары.

Той, хто хоча пабачыць перад сабою парад замучаных соваў, мусіць прачнуцца а 5 раніцы і паехаць на станцыю мэтро “Пралетарская”. Людзі там утвараюць агромністую плынь. Ідуць на трактарны й іншыя вялікія заводы. Рэдка-рэдка мільгане энэргічны твар сапраўднага жаўранка. Астатнія выглядаюць стомленымі й шэрымі.

У разьвітых краінах супольнасьць стараецца падладзіцца пад абодва хранатыпы. Адчыняюцца крамы, банкі, паліклінікі, чыноўніцкія ўстановы, якія працуюць з паўдня да позьняга вечара. Шэраг фірмаў нават завялі ў сябе пакоі для пасьляабедзеннага сну супрацоўнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG