Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТ ПОЛЬШЧЫ ВЫСТУПІЎ СУПРАЦЬ УНЯСЕНЬНЯ ЗЬМЕНАЎ У ЗАКОН АБ ПЕРАРЫВАНЬНІ ЦЯЖАРНАСЬЦІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Паводле польскага заканадаўства, перарваць цяжарнасьць можна толькі ў выпадку пагрозы для жыцьця маці або дзіцяці, а таксама калі цяжарнасьць сталася вынікам згвалтаваньня. Але нават у такіх выпадках адпаведную згоду мусіць выдаць суд. У выніку у 2002 годзе ў 40-мільённай Польшчы было зарэгістравана ўсяго 159 абортаў.

Прадстаўнікі недзяржаўных арганізацыяў, аднак, кажуць, што насамрэч перарываюць цяжарнасьць штогод каля 200 тысячаў полек. У Польшчы квітнеюць падпольныя паслугі лекараў у гэтай справе, але шмат жанчынаў выяжджаюць і за мяжу – ва Ўкраіну, Расею і Беларусь. У Беларусь, аднак, апошнім часам полькі едуць вельмі рэдка, бо патрэбная віза, у той час як у Калінінградзкую вобласьць візы бясплатныя, а каб паехаць ва Ўкраіну, візы палякам увогуле непатрэбныя.

Посткамуністы з Саюзу левых дэмакратаў, якія кіруюць цяпер у Польшчы, час ад часу, асабліва калі падае іхная папулярнасьць, зьвяртаюцца да тэмы лібэралізацыі закону аб перарываньні цяжарнасьці. Гэтая тэза падабаецца прыхільнікам кіроўчай кааліцыі. Гэтак здарылася і ўчора. Дэпутаты парлямэнту ад Саюзу левых дэмакратаў заявілі, што закон “занадта жорсткі” і да таго ж спрыяе нелегальным апэрацыям ды пазбаўляе жанчыну выбару.

Прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі, чыя перадвыбарчая праграма ў 1995 годзе, дарэчы, утрымлівала абяцаньне легалізаваць аборты, учора выказаўся супраць гэтага:

(Квасьнеўскі: ) “Тое, што было створанае ў выніку вельмі драматычнай і цяжкай дыскусіі ў польскім грамадзтве, а таксама ў выніку пэўнага кампрамісу з каталіцкай царквой, трэба захаваць”.

Дэпутаты ад апазыцыі, у якую ўваходзяць партыі правага накірунку, а таксама нацыянальна-патрыятычныя палітычныя сілы выступілі катэгарычна супраць легалізацыі перарываньня цяжарнасьці.

(Прадстаўніца апазыцыйнай партыі Ліга польскіх сем’яў: ) “Калі цяпер кіроўчая кааліцыя пачне зьмяняць закон аб перарываньні цяжарнасьці, дык напэўна, праз гэта выкапае сабе магілу”.

Сапраўды, намагацца ў каталіцкай Польшчы легалізаваць аборты – справа ня надта простая і папулярнасьці посткамуністам у каталіцкім асяродку не дадасьць. Тым больш, што супраць такой ініцыятывы рэзка выказалася каталіцкая царква, а з царквой ня хоча сварыцца ніводзін палітык.

Аднак не запрапанаваць зьменаў у гэты закон таксама значыць для левых згубіць частку свайго электарату. А гэта, у часе калі папулярнасьць Саюзу левых дэмакратаў апусьцілася да 16%, яны наўрад ці змогуць сабе дазволіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG