Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


РСЭ/РС

22 студзеня 1796 году мястэчка Ігумен стала цэнтрам новастворанага Ігуменскага павету Менскай губэрні і атрымала герб: у блакітным полі срэбны куст кветак, які акружаюць пяць залатых пчол. У савецкія часы старажытны Ігумен быў перайменаваны ў Чэрвень, гэтую назву ён носіць і сёньня.

22 студзеня 1944 году кіраўнік нямецкай акупацыйнай улады ў Беларусі гаўляйтэр Готбэрг зацьвердзіў склад Беларускай Цэнтральнай Рады. Стварыў БЦР былы дырэктар Віленскай беларускай гімназіі Радаслаў Астроўскі. Новая Рада з 14 чалавек мелася быць беларускім урадам пад немцамі. Але пры тым БЦР фактычна ня мела паўнамоцтваў.

22 студзеня 1980 году расейскі акадэмік дысыдэнт Сахараў быў сасланы ў горад Горкі (цяперашні Ніжні Ноўгарад). Перад гэтым за свой пратэст супраць увядзеньня расейскіх войскаў у Афганістан Сахараў быў пазбаўлены ўсіх званьняў і ўзнагарод. Апроч, натуральна, Нобэлеўскай прэміі міру, якую вучоны-фізык атрымаў у 1975 годзе.

22 студзеня 1857 году прыйшоў на сьвет Рыгор Ісаеў – рэвалюцыянэр-народнік родам з Магілёва. Будучы студэнтам у Пецярбургу, Ісаеў падбухторваў магілёўскіх гімназыстаў уступаць у тэрарыстычныя арганізацыі “Свабода або сьмерць” і “Народная воля”. Ісаеў удзельнічаў у замахах на расейскага цара, быў арыштаваны і засуджаны ў Шлісэльбурскую крэпасьць, дзе й памёр ад сухотаў.

22 студзеня 1890 году нарадзіўся Ільдэфонс Бобіч, беларускі тэоляг і пісьменьнік. У літаратуры ён вядомы пад псэўдонімам Пётра Просты – як сталы аўтар газэты “Наша Ніва”. Але найбольш значная роля ксяндза Бобіча – у справе беларусізацыі касьцёла. Айцец Ільдэфонс служыў у Вільні, Германавічах, Іўі, дзе і пахаваны.

22 студзеня 1906 году нарадзіўся паэт Андрэй Александровіч, які быў адным з арганізатараў аб’яднаньня “Маладняк” і шчырым песьняром камуністычнае ідэалёгіі, што, аднак, не перашкодзіла ягонаму арышту і ссылцы.

Сярод знакамітых людзей сьвету, што нарадзіліся 22 студзеня ў розныя гады, згадаем сёньня францускага фізыка Андрэ Ампэра, у гонар якога названая адзінка сілы току, ангельскага паэта барона Джорджа Байрана і швэдзкага пісьменьніка Аўгуста Стрындбэрга.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG