Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛІ ЗНОЎ ЗАПРАЦУЕ ІЗРАІЛЬСКАЯ АМБАСАДА Ў БЕЛАРУСІ?


Юры Сьвірко, Менск

Ізраіль вырашыў аднавіць дзейнасьць сваёй амбасады ў Беларусі, закрытай летась у ліпені. Раней чакалася, што ізраільскія дыпляматы пачнуць працаваць у Менску ўжо вясною, аднак намесьнік прэсавага сакратара МЗС Ізраілю Давід Шаранга сказаў па тэлефоне:

(Шаранга: ) “Мы дагэтуль ня маем пэўнай даты, пра якую я мог бы казаць. Але мы цалкам знаходзімся ў працэсе аднаўленьня амбасады”.

Спадар Шаранга дадаў, што спадзяецца на адкрыцьцё амбасады Ізраілю ў Менску ўжо сёлета. Аднак, патэлефанаваўшы на менскі нумар 230-44-44, які раней належаў ізраільскай амбасадзе, я даведаўся, што ізраільскія візы будуць яшчэ доўга выдавацца праз Маскву і за вялікія грошы:

(Спадар: ) “Так, мы езьдзім у Маскву. Калі ласка — калі вы хочаце, мы можам замест вас зьезьдзіць. Гэта каштуе 97 даляраў паводле беларускага курсу. Сюды ўваходзіць і віза. Я вам скажу шчыра: калі вы думаеце, што прыедзе дыплямат, дык пасьля прыезду першага дыплямата амбасада можа запрацуе, але візы пачнуць выдаваць… Хочаце чакаць? Год мінімум”.

Гэты спадар заявіў, што ў ягонай дасьведчанасьці можна не сумнявацца:

(Спадар: ) “Мы ад Масквы акрэдытаваныя. Мы ўсе — былыя супрацоўнікі амбасады, якія працавалі тут. Дзяўчыны па 10 гадоў адпрацавалі”.

Беларуская амбасада ў Тэль-Авіве візаў ізраільцам па-ранейшаму не выдае. Гэтае рашэньне было прынятае як адказ на закрыцьцё ізраільскай місіі ў Менску. Хаця ўжо ёсьць рашэньне яе аднавіць, на пытаньне, калі можна будзе атрымаць беларускую візу ў Тэль-Авіве, супрацоўніца амбасады Беларусі адказала так:

(Супрацоўніца: ) “Ня ведаю. У нас не было распараджэньня МЗС. Ані консул, ані кіраўнік амбасады вам не дапаможа”.

У Менску прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных кажа з гэтай нагоды наступнае:

(Савіных: ) “Мы ў прынцыпе маем інфармацыю пра тое, што дзяржаўны бюджэт Ізраілю зацьверджаны з артыкулам, які прадугледжвае грошы на адкрыцьцё амбасады ў Беларусі. Закон — гэта дакумэнт, неабходная яшчэ й практычная рэалізацыя, якую будзе ажыцьцяўляць Міністэрства замежных справаў. Пра іхныя пляны мы можам даведацца толькі падчас афіцыйных кансультацыяў наконт гэтага пытаньня. Тады ж будуць вызначаныя тэрміны й мэханізм аднаўленьня дзейнасьці амбасады”.

Паводле спадара Савіных, толькі пасьля гэтых кансультацыяў можна будзе вырашаць пытаньне пра аднаўленьне выдачы візаў грамадзянам Ізраілю ў Тэль-Авіве. Але, дадаў ён, зь ініцыятывай правядзеньня такіх кансультацыяў мусіць выступіць ізраільскі бок — Менск да іх гатовы.

Тым часам беларуская амбасада ў Тэль-Авіве канчаткова засталася без амбасадара, адкліканага адтуль адразу пасьля закрыцьця ізраільскай місіі ў Менску. У сераду Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад абавязкаў амбасадара Беларусі ў Ізраілі Генадзя Лавіцкага, які быў кіраўніком місіі даўжэй за ўсіх сваіх калегаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG