Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПАСЁЛКУ СУРАЖ НА ВІЦЕБШЧЫНЕ ЗЬБІРАЮЦЬ ГРОШЫ НА ПОМНІК ЖАНЧЫНЕ-МАЦІ


Браніслава Станкевіч, Віцебскі раён

У гарадзкім пасёлку Сураж, які месьціцца за 50 кілямэтраў ад Віцебску, ужо маецца адзін помнік, падобнага якому нідзе ў Беларусі няма — гэта помнік легендарнаму партызанскаму камандзіру Бацьку Мінаю ды ягоным чацьвярым дзецям, якіх расстралялі тут у 1942 годзе. Цяпер пасялковы савет абвесьціў збор сродкаў на яшчэ адзін адмысловы помнік — помнік жанчыне-маці, які, паводле словаў старшыні пасялковага савету Аляксандра Вялітчанкі, мусіць увасобіць абагульнены вобраз жанчыны — працаўніцы, змагаркі ды проста маці.

Мясцовага прататыпу ў гэтага помніка няма, але сама ідэя ягонага ўсталяваньня належыць колішняму суражаніну, а цяпер жыхару Менску, вайскоўцу ў адстаўцы Аляксандру Самойлаву. Дарэчы, гэта не адзіная падобная прапанова спадара Самойлава: яшчэ год таму ён даслаў сваім землякам цэлы сьпіс з 46 пунктаў, выкананьне якіх, на ягоную думку, мусіць паспрыяць эканамічнаму ды духоўнаму росквіту роднага пасёлку. Гэта, да прыкладу, будаўніцтва пякарні ды невялікага кансэрвавага заводу дзеля перапрацоўкі ягад ды грыбоў. Праўда, Аляксандар Самойлаў не ўдакладняе, адкуль на гэта мусяць узяцца грошы.

Усталяваньне ў Суражы помніка мясцовае кіраўніцтва палічыла самым танным з гэтых праектаў. Старшыня пасялковага савету спадар Вялітчанка мяркуе, што на ягонае ўвасабленьне спатрэбіцца ўсяго 10–12 мільёнаў рублёў. Праўда, як будзе выглядаць гэты помнік, ды зь якога матэрыялу ён будзе зроблены, старшыня сельсавету яшчэ ня ведае — гэтае пытаньне, на ягоную думку, мусіць вырашаць у Менску зямляк Аляксандар Самойлаў, які мае нейкага знаёмага скульптара. Пра тое, што праект помніка трэба спачатку зацьвердзіць у розных міністэрствах, старшыня пасялковага савету таксама пачуў літаральна ўчора, калі пра ягоны заклік да спонсараў ды мэцэнатаў даведаліся журналісты, якія пачалі задаваць адпаведныя пытаньні.

Пакуль што ахвотных ахвяраваць грошы на помнік не знайшлося. Прынамсі, мясцовыя жыхары ініцыятывы пасялковага савету не падтрымалі.

(Карэспандэнтка: ) “Ці чулі вы, што ў Суражы зьбіраюць грошы на помнік жанчыне-маці?”

(Спадарыня: ) “Якія грошы? На які помнік? Ведаеце, што я хачу вам сказаць? У нас помнік трэба ставіць тым маці, якія сваіх дзяцей во цераз гэтую рэчку ў школу адпраўляюць! А то выдумаюць лухту нейкую! Рабіць ім няма чаго, лепей бы на мост грошы зьбіралі!”

Мост церазь Дзьвіну насамрэч ёсьць для суражанаў жыцьцёвай неабходнасьцю: некалькі соцень чалавек, якія жывуць за рэчкай, узімку штодня рызыкуюць жыцьцём, дабіраючыся да цэнтру пасёлку па лёдзе. Не было ніводнае зімы, каб хто-небудзь не патапіўся.

Каторы год суражанам цьвердзяць, што на будаўніцтва мосту няма грошай. Над тым, што і дзеля гэтае мэты можна было б зьбіраць ахвяраваньні, старшыня пасялковага савету спадар Вялітчанка, як ён кажа, усур’ёз ня думаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG