Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЖОРДЖ БУШ НЯ ЛІЧЫЦЬ ПАМЫЛКАЙ ВАЙНУ СУПРАЦЬ ІРАКУ


Аляксей Знаткевіч, Прага

Штогадовы зварот да нацыі лічыцца найбольш важным публічным вытупленьнем для амэрыканскага прэзыдэнта. Падчас сваіх мінулых зваротаў прэзыдэнт Джордж Буш рабіў вельмі жорсткія заявы – ў 2002 годзе ён назваў Іран, Ірак ды Паўночную Карэю “восьсю зла”, а летась абвінаваціў Ірак у спробах закупіць матэрыялы для ядзернай зброі ў Афрыцы. Пазьней аказалася, што гэтая заява была непраўдзівай. Аднак сёлета ў прамове Буша не было гэткіх жорсткіх заяваў ці нейкіх радыкальных новых ініцыятываў.

Напярэдадні вайны супраць Іраку, амэрыканскі прэзыдэнт заяўляў, што Ірак мае зброю масавага зьнішчэньня. Аднак такой зброі дагэтуль не знайшлі. У сваім звароце Буш падкрэсьліў, што ірацкі народ цяпер вольны ад тыраніі і назваў пагрозай былыя збройныя праграмы Іраку.

(Буш: ) “Калі б мы бязьдзейнічалі, дыктатарскія праграмы зброі масавага зьнішчэньня працягваліся б дагэтуль. Калі б мы бязьдзейнічалі, рэзалюцыі Рады бясьпекі па Іраку аказаліся б пустымі пагрозамі, што саслабіла б Арганізацыю аб’яднаных нацыяў і паспрыяла б непавазе да яе па ўсім сьвеце. Ірацкія катавальні дагэтуль былі б запоўненыя ахвярамі, запалоханымі і нявіннымі. Масавыя пахаваньні ў Іраку, дзе сотні тысячаў мужчын, жанчын і дзяцей зьніклі ў пяску, былі б дагэтуль вядомыя толькі забойцам. Для тых, хто любіць свабоду і мір, сьвет без рэжыму Садама Хусэйна стаў лепшым і больш бясьпечным месцам”.

Буш выступаў празь дзень пасьля таго як апазыцыйная амэрыканская партыя Дэмакратаў правяла папярэднія выбары свайго кандыдата ў штаце Аёва. Сэнатар Джон Кэры, які там перамог – герой вайны ў Віетнаме, і некаторыя экспэрты лічаць, што ён можа стаць сур’ёзным супернікам Бушу, калі стане кандыдатам. Да прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША застаецца дзевяць месяцаў, і Буш у сваёй прамове падкрэсьліў, што цяпер ня час мяняць кіраўніцтва, бо застаюцца шматлікія пагрозы нацыянальнай бясьпецы.

(Буш: ) “Дваццаць восем месяцаў прайшло ад 11 верасьня 2001 году, больш за два гады без нападаў на амэрыканскую зямлю. Спакусьліва верыць, што пагроза мінула. Гэтая надзея зразумелая, суцяшальная – і непраўдзівая”.

Буш заявіў, што войны супраць Афганістану ды Іраку прымусілі іншыя небясьпечныя рэжымы – Іран ды Лібію – пагадзіцца на міжнародныя інспэкцыі сваіх ядзерных праграм. Некаторыя аналітыкі падзяляюць такое меркаваньне. Напрыклад былы палкоўнік амэрыканскай ваеннай выведкі Кенэт Алард, які раней крытыкаваў адміністрацыю Буша за вайну супраць Іраку, кажа, што лёс ірацкага рэжыму відавочна прымусіў Лібію пагадзіцца на міжнародныя інспэкцыі.

Іншыя экспэрты, як напрыклад прадстаўнік Вашынгтонскага інстытуту Като Тэд Карпэнтэр, кажуць, што лібійскі кіраўнік Муамар Кадафі пачаў нармалізацыю адносінаў зь міжнароднай супольнасьцю нашмат раней за вайну ў Іраку. Што тычыцца Ірану, там, на думку Карпэнтэра, значную ролю адыграла дыпляматыя Эўразьвязу і Расеі.

Акрамя таго, экспэрты гавораць, што адзін з найбольш небясьпечных рэжымаў – паўночнакарэйскі – верагодна, наадварот паскорыў сваю ядзерную праграму ў сувязі з вайной ў Іраку. Паводле Карпэнтэра, Паўночная Карэя і раней мела нашмат больш прасунутую ядзерную праграму, чым Ірак ці Лібія.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG