Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКАЎ ГУТМАН ЗАТРЫМАНЫ І ШПІТАЛІЗАВАНЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Якаў Гутман апрануў куртку з надпісам “Аляксандар Рыгоравіч, на вас ляжыць асабістая адказнасьць за разбурэньне габрэйскіх сьвятыняў” ды выйшаў апоўдні 21 студзеня насупраць будынку адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Спадар Гутман так патлумачыў мэту сваёй акцыі:

(Гутман: ) “Я хачу папярэдзіць Аляксандра Рыгоравіча аб ягонай адказнасьці за разбурэньне габрэйскіх сьвятыняў. І дамагчыся нейкіх перамоваў у тых пытаньнях, якія я ўздымаю. Разбурэньне сынагогаў, могілак, помнікаў ахвярам Галякосту. Вось у гэтых пытаньнях”.

Прэзыдэнт Усясьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў паведаміў, што два гады таму ў Менску была зьнішчаная сынагога па вуліцы Дзімітрава, цяпер разбураецца Халодная сынагога на Нямізе. У Мазыры вядзецца будаўніцтва на дзьвюх могілках, там жа ўлады ліквідавалі памятны знак ахвярам Галякосту. Нядаўна былі часткова разбураныя габрэйскія могілкі ў Рагачове, а ў Горадні падчас рэканструкцыі стадыёну, што стаіць на былых кладах, парэшткі памерлых былі проста выкінутыя на сьметнік. Супраць усяго гэтага й пратэстуе Якаў Гутман. Ён таксама актыўна падтрымлівае зварот шасьцярых амэрыканскіх кангрэсмэнаў да кампаніяў “McDonalds” і “Coca-Cola” з заклікам не спансараваць Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, пакуль ня спыніцца зьнішчэньне габрэйскіх магілаў у Горадні.

Роўна тыдзень таму спадар Гутман ужо выходзіў у пікет каля адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, але хутка быў затрыманы, а суд вынес яму папярэджаньне. Пасьля той акцыі Якаў Гутман абвясьціў галадоўку.

21 студзеня пікет таксама працягваўся нядоўга. Як толькі Якаў Гутман стаў насупраць прэзыдэнцкай адміністрацыі з партрэтам свайго дзеда, што загінуў у вайну, да спадара Гутмана падышлі міліцыянты. У выніку Якава Гутмана зноў затрымалі. Вядомы мастак Аляксей Марачкін, які прыйшоў падтрымаць патрабаваньні габрэйскага актывіста, сказаў з гэтай нагоды:

(Марачкін: ) “І як праява анысэмітызму тое, што сёньня Гутмана фактычна арыштавалі. І павялі ў пастарунак толькі за тое, што ён абураецца барбарскім зьдзекам з габрэйскіх сьвятыняў”.

У пастарунку Якаў Гутман абвесьціў сухую галадоўку. Пакуль міліцыянты складалі пратакол, спадару Гутману стала млосна, і ён быў шпіталізаваны ў 9-ты клінічны шпіталь Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG