Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКІХ НАСТАЎНІКАЎ ДАЛУЧАЮЦЬ ДА ЗДАРОВАГА ЛАДУ ЖЫЦЬЦЯ


Ганна Соусь, Менск

У камітэце адукацыі Менгарвыканкаму Радыё Свабода паведамілі, што распачалі адмысловую кампанію далучэньня настаўнікаў да заняткаў спортам. Гэта зьяўляецца часткай агульнанацыянальнай праграмы аздараўленьня нацыі. Гаворыць супрацоўніца аддзелу дашкольнай і агульнасярэдняй адукацыі Менгарвыканкаму Сьвятлана Вароніна:

(Вароніна: ) “Сёньня ў школах прасоўваюць тэхналёгіі захаваньня здароўя. І як настаўніку быць далёкім ад дзіцяці? Каб разумець і на агульнай мове размаўляць, трэба й выглядаць адпаведна. Дзяржава цяпер прапагандуе захаваньне здароўя ў любой сфэры, наколькі магчыма. Гэтым зацікавілі ўсіх. Вось, напрыклад, у нас у камітэце сёньня праходзіць збор заяваў тых, хто жадае наведваць басэйн з раніцы альбо ўвечары”.

Аднак настаўніца адной зь менскіх школаў, якая пажадала захаваць ананімнасьць, распавяла Свабодзе, што школьная адміністрацыя ня толькі агітуе, але і прымушае займацца спортам:

(Настаўніца: ) “У нас у школе навацыя. Нас папрасілі падзяліцца на каманды й займацца спортам — баскетболам, валейболам, шашкамі, шахматамі. Я адмовілася, таму што ні жаданьня, ні часу займацца гэтым у мяне няма. Сказалі, што будуць спаборніцтвы розныя ладзіцца, будуць вызначаць пераможцу. Сказалі, што прыблізна раз на паўгоду настаўнікі будуць спаборнічаць паміж сабой, каманды будуць складацца з настаўнікаў розных прадметаў. Я лічу, што нам гэта абсалютна непатрэбна. У нас і гэтак поўна сваёй працы. Лепш бы аформілі трэнажорную залю ці выдавалі б абанэмэнт у басэйн. Я думаю, што так было б значна лепш, і быў бы здаровы лад жыцьця”.

Паводле гэтай настаўніцы, каб яна і калегі не адмаўляліся ад спорту адміністрацыя пагражае пазбаўленьнем прэміі.

Прэсавы сакратар Міністэрства адукацыі Беларусі Віктар Іўчанкаў тлумачыць, што гэты выпадак — хутчэй выключэньне, заняткі спортам сярод настаўнікаў павінны ладзіцца выключна добраахвотна:

(Іўчанкаў: ) “Гэтак недзе ў пэўнай школе вырашыла адміністрацыя. Ніхто ня можа прымушаць гэтым займацца. Можа быць, прапаганда ідзе здаровага ладу жыцьця, ці яшчэ нешта такое. Зь Міністэрства адукацыі ніякага такога цыркуляру не паступала. А тое, што прымусіць настаўніка-прадметніка зь іншымі спаборнічаць, то гэта ўжо нейкая мясцовая ініцыятыва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG