21 студзеня праваслаўныя беларусы ўсё яшчэ разьвітваліся з Калядамі, але гэтым разам ужо канчаткова. Да абеду не працавалі, а пасьля паўдня браліся за работу. Сьвята скончылася.
Афіцыйна сёньня ў Беларусі адзначаецца Дзень вайсковых інжынэраў. Гэтае сьвята ўсталяванае па аналёгіі з такім самым днём у Расеі. Там яно вынікае з гісторыі: 21 студзеня 1701 году расейскі цар Пётар І падпісаў указ пра стварэньне першай інжынэрнай школы. Недарэчнасьць палягае ў тым, што беларускія землі ў тыя часы яшчэ не ўваходзілі ў склад Расейскай імпэрыі, а былі ў Вялікім Княстве Літоўскім, дзе прафэсійная падрыхтоўка вайсковых інжынэраў пачалася нашмат раней.
21 студзеня 1775 году ў Маскве на Балотнай плошчы публічна пакараны сьмерцю данскі казак і бунтаўнік Емяльян Пугачоў.
А 21 студзеня 1924 году таксама ў Маскве памёр Уладзімер Ленін.
21 студзеня 1938 году ў Курапатах расстраляны беларускі паэт Янка Туміловіч.
А праз год, 21 студзеня 1939 году адкрытая Дзяржаўная карцінная галерэя БССР – сёньня Дзяржаўны мастацкі музэй.
21 студзеня 1965 году ў Менску адкрыты першы ў Беларусі Палац шлюбаў.
21 студзеня 1997 году каля будынку Вярхоўнага Суду Беларусі адбыўся пікет у абарону арыштаванага паэта Славаміра Адамовіча. Пікетоўшчыкі трымалі плякаты з надпісамі: “Спыніць палітычныя рэпрэсіі!”, “Свабоду Славаміру Адамовічу!” Як вядома, тады паэт быў засуджаны на 10 месяцаў турмы. А год таму ён эміграваў у Нарвэгію.
21 студзеня ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускі гісторык і выдавец Адам Кіркор, кампазытар Аляксей Туранкоў, які лічыцца заснавальнікам жанру масавай песьні ў прафэсійнай беларускай музыцы, а таксама Аркадзь Астрамецкі – беларускі цымбаліст, народны артыст Беларусі.
Таксама 21 студзеня – дзень народзінаў амэрыканскага канструктара стралковае зброі Джона Браўнінга, францускага куцюр’е Крысьціяна Дыёра і гішпанскага опэрнага сьпевака Плясыда Дамінга.