Цяпер у Радзівілаўскім замку пануе цішыня. Паводле жыхароў Нясьвіжу, ягонае аднаўленьне пасьля пажару 2002 году было прыпыненае яшчэ летась. Чаму так адбылося – мясцовая грамадзкасьць ня ведае. Мясцовы райвыканкам на чале са старшынём Фёдарам Прывалавым вырашыў адмовіцца ад дыялёгу. Гаворыць лідэр нясьвіскай суполкі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Язьвінскі:
(Язьвінскі: ) “Мы тут меркавалі правесьці “круглы стол”. Каб даведацца, што тут плянуецца, што тут укладацца будзе і ўвогуле як што. Дамовіўся я з усімі гэтымі чыноўнікамі. Са Сталярчуком, з экалёгіяй, з санэпідстанцыяй–запрашэньні ім даслалі. І пайшоў да самога Прывалава, бо яны ж безь яго дазволу ня пойдуць. Зь ім добра мы паразмаўлялі. Ён зазначыў, што яны, маўляў, могуць не пайсьці, дык я іх сам накірую, бо гэта, маўляў, карысная справа. А як дайшло да справы, то ён ня толькі іх не накіраваў – ён ім забараніў ісьці. Бо ніводзін чыноўнік не зьявіўся. І больш таго. Мы захацелі гэта ў лясьніцтве правесьці, тым больш што там было і экалягічнае пытаньне. Але пазванілі, каб не пушчалі нас”.
Ня выключана, што зараз райвыканкам зьмякчыць сваю пазыцыю, паколькі зьявілася пэўнасьць у пытаньні далейшага лёсу гістрычнага помніка. Рэч у тым, што 20 студзеня ў Нясьвіжы адбылася нарада пад кіраўніцтвам намесьніка міністра культуры Ўладзімера Грыдзюшкі, на якой было абвешчана, што першы этап рэстаўрацыі Радзівілаўскага замку пачнецца сёлета. У прыватнасьці, вось што зазначыў на гэты конт нашаму радыё намесьнік старшыні Нясьвіскага райвыканкаму Васіль Грышчанка:
(Грышчанка: ) ”Створана рабочая група, якой дадзена заданьне да наступнага аўторка падрыхтаваць працоўны графік рэстаўрацыі першага пускавога комплексу. У рабочую групу ўвайшлі прадстаўнікі заказчыка, падрадчыка, праектных арганізацыяў, мясцовай улады. На месцы вырашылі, з чаго пачынаць. Найперш трывожаць пытаньні рэстаўрацыі маста, купала, разьмяшчэньня будаўнікоў. На нарадзе прагучала лічба, што на рэстаўрацыю выдзелена 5 мільярдаў рублёў. Зь іх каля 700 мільёнаў патрэбна на праектныя работы”.