Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХТО З ДЭМАКРАТАЎ МАЕ НАЙБОЛЬШЫЯ ШАНЦЫ СТАЦЬ КАНКУРЭНТАМ ЦЯПЕРАШНЯГА ПРЭЗЫДЭНТА-РЭСПУБЛІКАНЦА ДЖОРДЖА БУША?


Кастусь Бандарук, Прага

Учора ў штаце Аёва, у адной з амаль 2 тысячаў выбарчых акругаў, адбыўся першы зьезд зарэгістраваных сябраў Дэмакратычнай партыі. Яны абмяняліся думкамі і меркаваньнямі наконт дэмакратычных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта і павінны вылучыць 45 дэлегатаў на ўсеагульны зьезд партыі. Такіх дэлегатаў па ўсёй краіне 4322, і яны канчаткова абяруць аднаго кандыдата ад Дэмакратычнай партыі.

На гэтым першым перадвыбарчым зьезьдзе Дэмакратычнай партыі ў штаце Аёва адбылася пэўная неспадзеўка. Першае месца з 37% галасоў нечакана заняў вэтэран віетнамскай вайны Джон Керы. На другім месцы з 32% галасоў апынуўся сэнатар са штату Паўночная Караліна Джон Эдвардс, а фаварыт, удзельнік папярэдняй прэзыдэнцкай гонкі Говард Дын набраў усяго 18% галасоў і заняў трэцяе месца. Джон Керы падзякаваў выбаршчыкам у Аёве і заявіў, што ў разе перамогі ён рыхтуе сур’ёзныя зьмены:

(Керы: ) “Мы адставалі, але выйшлі наперад дзеля барацьбы. Цяпер я хачу паслаць сыгнал тым карпаратыўным інтарэсам ў адміністрацыі Буша ў Белым Доме, што мы прыходзім, а вы сыходзіце, і глядзіце, каб Вас не ляснулі дзьверы”.

Аднак на думку аглядальнікаў, перамога Керы чыста сымбалічная. Выбаршчыкі не кідаюць бюлетэні ў апячатаныя скрыні, яны зьбіраюцца проста ў школах, бібліятэках і публічных месцах, каб выказаць свае палітычныя сымпатыі. Керры атрымаў толькі 20 галасоў, а для таго, каб апярэдзіць ўсіх іншых дэмакратычных кандыдатаў, ён павінен іх набраць болей за 2 тысячы. Значна важнейшыя будуць папярэднія выбары ў штаце Нью-Гемпшыр, якія адбудуцца 27 студзеня. Паводле апытаньняў, Керы хутчэй за ўсё прайграе там генэралу Ўэсьлі Кларку, які наагул ня ўдзельнічаў ў першым зьезьдзе ў Аёве. Мяркуецца, што ў Нью-Гемпшыры пераможа Говард Дын, які моцна крытыкуе вайну ў Іраку і эканамічную палітыку Дорджа Буша.

Гісторыя паказвае, што перамога ў Аёве яшчэ нічога не гарантуе. У 1980 годзе Джордж Буш-старэйшы перамог там Рональда Рэйгана, але ўсё роўна ня стаў кандыдатам ад усёй Рэспубліканскай партыі. Біл Клінтан ў 1992 годзе прайграў у Аёве, аднак перамог у Нью-Гемпшыры і цягам двух тэрмінаў быў прэзыдэнтам ЗША. Ўжо 3 лютага пачнуцца паряэднія выбары ў іншых штатах, і тады будзе бачна, хто з дэмакратаў мае найбольшыя шанцы стаць канкурэнтам цяперашняга прэзыдэнта-рэспубліканца Джорджа Буша.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG