Лідэры кааліцыі заявілі, што яны ведаюць, як прывесьці людзей Беларусі да годнага жыцьця. Пра тое, як гэта можна зрабіць, што патрэбна для посьпеху, ад імя “5+” расказаў Станіслаў Шушкевіч:
(Шушкевіч: ) “І мы прыйшлі да высновы, што калі будзем прытрымлівацца трох асноўных пунктаў: гэта незалежная Беларусь, гэта дэмакратыя — абраньне разумных людзей ва ўладу, і гэта павага да правоў чалавека, тады мы прыйдзем да годнага жыцьця. Так вырашылі прыгаданыя тут пяць палітычных партыяў, гэта тая “Пяцёрка”, гэта іх лідэры. І так вырашыў “плюс”, які на гэтай схеме вельмі маленькі, але ён значна большы, чым усе гэтыя партыі разам узятыя і іх лідэры. Гэта вялікі сьпіс, і мы на яго робім стаўку”.
Паводле лідэраў перадвыбарчага блёку, у яго, калі ўлічыць усе, нават невялікія рэгіянальныя арганізацыі, цяпер уваходзіць каля 200 розных структураў. Сумеснымі намаганьнямі яны і падрыхтавалі сьпіс кандыдадтаў у дэпутаты, які ахоплівае па дзьве асобы (кандыдат і ягоны дублёр) на кожную са 110 выбарчых акругаў. Ад імя “Пяцёркі” Анатоль Лябедзька патлумачыў, чаму гэты сьпіс ужо сёньня трэба зрабіць публічным і адкрытым:
(Лябедзька: ) “Таму што ў нас ёсьць што і каго паказаць. Калі б у нас не было асобаў, калі б у нас ня было канкрэтных добрападрыхтаваных кандыдатаў у дэпутаты, мы б не паказывалі сьпісу. Па-другое, нам трэба прад’явіць грамадзтву альтэрнатыву ў твар. Адзіны сьпіс патрэбны 25% нашых прыхільнікаў, адзіны сьпіс патрэбны 50% людзей, якія расчараваліся ва ўладзе”.
Сярод кандыдатаў у дэпутаты ад “Пяцёркі” шмат партыйных лідэраў. Гэта ўсе першыя асобы партыяў, а таксама былыя дэпутаты Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканьняў Алег Трусаў, Пётра Садоўскі, Міхаіл Марыніч, Мечыслаў Грыб, Станісалаў Багданкевіч, Уладзімер Ганчарык, Людміла Гразнова, пісьменьніца Вольга Іпатава, паэт Сяргей Законьнікаў, мастак Аляксей Марачкін, навуковец Уладзімер Колас ды іншыя. Сьпіс гэты пакуль не канчатковы, паколькі ў ім могуць зьявіцца і некаторыя новыя асобы, зь якімі пакуль вядуцца перамовы. Маральную падтрымку блёку аказвацюць двойчы Герой сацыялістычнай працы Васіль Старавойтаў, акадэмік Радзім Гарэцкі, генэрал Павал Казлоўскі ды шмат іншых вядомых людзей, якія пакуль не зьбіраюцца вылучацца ў дэпутаты, але сёньня паставілі свае подпісы ў падтрымку кааліцыі.
Сярод гасьцей прэзэнтацыі былі парлямэнтары з Польшчы і Літвы. Дэпутат літоўскага сэйму Вацлаў Станкевіч заявіў:
(Станкевіч: ) “Мы ўпэўненыя, што такое аб’яднаньне, такая кааліцыя — гэта ваш посьпех. Мы таксама вельмі спадзяемся, што іншыя палітычныя партыі, іншыя грамадзкія арганізацыі далучацца да Народнай кааліцыі “Пяцёрка+” і вы тады зможаце разам працаваць і змагацца на карысьць дэмакратычнай, незалежнай Беларусі”.