Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШЭСЬЦЬ АМЭРЫКАНСКІХ КАНГРЭСМЭНАЎ ЗАКЛІКАЮЦЬ КАМПАНІІ “КОКА-КОЛА” І “МАКДОНАЛЬДЗ” НЕ СПАНСАРАВАЦЬ АЛІМПІЙСКУЮ ЗБОРНУЮ БЕЛАРУСІ


Ганна Соусь, Менск

У лісьце на адрас кампаніяў “МакДональдз” і “Кока-Кола” амэрыканскі кангрэсмэн Энтані Вэйнэр піша, што “пашыраючы стадыён у Горадні, беларускія ўлады разбурылі магілы і вырылі парэшткі”, паведамляе “Global Jewish News”. Энтані Вэйнэр зьвяртаецца да кампаніяў з просьбай спыніць фінансаваньне Нацынальнага алімпійскага камітэту Беларусі да таго часу, пакуль улады ня спыняць апаганьваньня могілак. Да гэтага закліку далучыліся яшчэ пяцёра кангрэсмэнаў ЗША.

Дырэктар кампаніі “МакДональдз” у Беларусі Вольга Траян патлумачыла для Радыё Свабода, што “МакДональдз” не зьяўляецца спонсарам Нацынальнага алімпійскага кмітэту Беларусі, а толькі яго партнэрам.

(Траян: ) “Партнэрства — гэта ня спонсарства. Ніякіх стадыёнаў мы не будуем. І нашая партнэрства з Нацыянальным алімпійскім камітэтам у наступных дзьвюх алімпіядах заключалася ў тым, што мы на базе нашага рэстарану арганізавалі алімпійскі прэсавы цэнтар, дзе прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі маглі сустракацца са спартоўцамі. “МакДональдз” зьяўляецца глябальным партнэрам Міжнароднага алімпійскага камітэту. Каля 11 кампаніяў зьяўляюцца глябальнымі партнэрамі й глябальнымі спонсарамі алімпіядаў. Зразумела, што падпісана пагадненьне паміж карпарацыямі й Міжнародным алімпійскім камітэтам. Так, мы застаемся партнэрамі”.

Атрымаць камэнтар з гэтай нагоды ад беларускага прадстаўніцтва кампаніі “Кока-Кола” сёньня не атрымалася. Дарэчы, кампанія “МакДональдз” не пазначаная на сайце Беларускага нацыянальнага алімпійскага камітэту ў якасьці партнэра альбо спонсара камітэту, а вось адзіным замежным прадпрыемствам у сьпісе спонсараў і партнэраў названая “Кока-Кола Бэвэрэджыз Беларусь”.

Генэральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Анатоль Іваноў запэўніў Радыё Свабода, што ня ведае пра зварот амэрыканскіх кангрэсмэнаў да кампаніяў “Кока-Кола” і “МакДональдз”.

(Іваноў: ) “У нас ніякіх афіцыйных папераў на гэты конт няма. Кампанія “Кока-кола” зьяўляецца ня спонсарам, а партнэрам Алімпійскага камітэту. Маецца на ўвазе аддзяленьне “Кока-Колы” ў Беларусі. Яна пастаўляе нам ваду, вось і ўсё. Калісьці яны далі нам пяць тысяч, ды ўсё. Ня трэба блытаць адно з другім. Адная справа быць партнэрам ці спонсарам для спартоўцаў, якія абсалютна ня маюць дачыненьня да гэтай справы. А тое, што стадыён пабудаваны яшчэ 50 гадоў таму. Яго проста рэканструююць, наколькі я ведаю”.

Што да рэканструкцыі стадыёну ў Горадні, то, як паведаміў Радыё Свабода старшыня юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі Юры Дорн, яна працягваецца. У сьнежні гарадзенскія ўлады вярнулі на тэрыторыю былых габрэйскіх могілак грунт, які раней выкарыстоўваўся як падсыпка для ямаў на вуліцы Новай. Сёньня ў Горадні знаходзяцца швайцарскія прадстаўнікі Камітэту ў справе захаваньня габрэйскіх могілак у Эўропе. Яны сочаць за тым, як вядуцца будаўнічыя работы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG