Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЗНАХОДЗІЎСЯ ЦЭНТАР МІЖНАРОДНАЙ ЗЛАЧЫННАЙ ГРУПОЎКІ, ЯКАЯ ПРАЗ ІНТЭРНЭТ ГАНДЛЯВАЛА ДЗІЦЯЧАЙ ПАРНАГРАФІЯЙ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Расейскія ды іншыя замежныя агенцтвы з раніцы 16 студзеня паведамляюць пра выкрыцьцё міжнароднай групоўкі, якая праз Інтэрнэт гандлявала дзіцячай парнаграфіяй. Паводле гэтых паведамленьняў, база групоўкі знаходзілася ў Менску. Тут быў адкрыты Інтэрнэт-сайт, празь які прадаваўся выхад на сайты зь дзіцячымі парнаграфічнымі фатаздымкамі. Спэцслужбы ЗША з дапамогай паліцыі Францыі, Гішпаніі і дзякуючы намаганьням беларускіх міліцыянтаў раскрылі гэтую злачынную групоўку і ўжо арыштавалі некалькі дзясяткаў чалавек, датычных да яе дзейнасьці.

У Эўропе арыштаваныя тры кіраўнікі беларускай фірмы “Рэгпэй”, якая нібыта займалася адмываньнем заробленых на злачынным бізнэсе грошай. Генэральны пракурор і міністар юстыцыі ЗША Джон Эшкрафт паведаміў, што беларуская фірма “Рэгпэй” атрымала ад аматараў дзіцячай парнаграфіі 3 мільёны даляраў.

У Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі не паведамляюць прозьвішчаў затрыманых беларусаў і старанна хаваюць падрабязнасьці гэтай справы, аднак з задавальненьнем падкрэсьліваюць свой унёсак у агульную справу.

(Новікаў: ) “Група супрацоўнікаў МУС РБ з мэтай узаемадзеяньня выяжджала ў ЗША. Таксама ў Беларусь прыяжджалі прадстаўнікі праваахоўных органаў ЗША. Вынікам супрацоўніцтва стала затрыманьне распаўсюднікаў дзяцячай парнаграфіі”, — інфармуе адмысловае паведамленьне прэсавай службы Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі.

Дарэчы, на расьсьледаваньні злачынстваў, зробленых праз Інтэрнэт у МУС Беларусі спэцыялізуецца асобнае ўпраўленьне. Раскрыцьцё злачыннай групоўкі з каранямі ў Менску, верагодна, самы вялікі посьпех гэтага ўпраўленьня, якому сёньня зайздросьцяць нават адмыслоўцы з КГБ. Між тым, ёсьць сьведчаньні таго, што раскрытая групоўка дзіцячага парнабізнэсу — не адзіная ў Менску і нават магчыма, што іншым дзялкам у гэтай справе дапамагаюць нядобрасумленныя беларускія чыноўнікі ды міліцыянты.

Пра гэта Радыё Свабода заявіў менскі журналіст, які ўжо некалькі месяцаў вядзе прыватнае расьсьледаваньне гэтай справы. Ён прасіў не раскрываць ягонага імя і нават зьмяніць голас, а пасьля паведаміў, што прыкладна тры месяцы таму ў рэдакцыю газэты, у якой ён працуе, зьвярнуўся нейкі міліцыянт з прапановай выслухаць чалавека, які нібыта шмат ведае пра дзялкоў дзіцячага парнабізнэсу ў Менску. Журналіст пайшоў на кантакт з гэтым чалавекам і вось пра што неўзабаве даведаўся.

(Журналіст: ) “У Менску было дзьве студыі, дзе праводзіўся адбор кандыдатаў і рабіліся фатаздымкі, якія потым траплялі ў Інтэрнэт. Здымкі праглядаў кур’ер, які даваў згоду на здымкі. Плацілі пасярэдніку, які прыводзіў мадэляў. А гэтыя мадэлі, выключна падлеткі і нават дзеці, атрымлівалі за здымкі ад 300 даляраў і вышэй, у залежнасьці ад якасьці здымкаў”.

Журналісту былі названыя дакладныя адрасы гэтых студыяў ды прозьвішчы іх уладальнікаў, а таксама прапанаваная магчымасьць сустрэцца з кур’ерам. Гэтаму кур’еру журналіст прапанаваў прывабны здымак маладой дзяўчыны, якая выглядала падлеткам, і той пагадзіўся за яго заплаціць, але зь яшчэ большай ахвотай заплаціў бы за здымкі жыўцом.

(Журналіст: ) “Усё залежыць ад таго, наколькі дзіцёнак гатовы працаваць у “цяжкім жанры” — ну, вы разумееце што я маю на ўвазе”.

Непасрэдна ў студыі майму суразмоўцу патрапіць не ўдалося, бо яны добра ахоўваюцца. Але самае цікавае, паводле яго, у тым, як распаўсюднік інфармацыі патлумачыў яе канфідэнцыйнасьць. Ён сказаў, што дзейнічае па наводцы аднаго вельмі ўплывовага чыноўніка, які апякуецца гэтым бізнэсам. У выніку мой суразмоўца зрабіў наступную выснову:

(Журналіст: ) “Магчыма ўявіць, што адзін канкурэнт тапіў другога. Як мінімум ёсьць два сайты, і адзін зь іх, большы, працягвае дзейнічаць. Расьсьледаваньне трэба весьці далей. Яны зачапілі толькі дробязь, верхавіну айсбэргу, а ўсё астатняе дзейнічае дагэтуль”.

Кіраўнік беларускага Інтэрнэт-парталу tut.by Юры Зісер згодны з такой высновай. Ён мяркуе, што зь Беларусі забясьпечваецца больш за дзесяць падобных сайтаў і тлумачыць гэта ўнікальнасьцю беларускіх умоваў:

(Зісер: ) “У Беларусі ўнікальнае супадзеньне двух фактараў — танных порнамадэляў і танных інтелектуальных сілаў, якія могуць падтрымліваць такія сайты”.

Юры Зісер, аднак, ня ведае пра існаваньне беларускай фірмы “Рэгпэй”, празь якую нібыта адмываліся заробленыя на дзіцячай парнаграфіі грошы. Ён мяркуе, што брудныя грошы ад продажу дзіцячых парназдымкаў у Інтэрнэце акумуляваліся ў Латвіі, а далей празь яе банкі пераводзіліся ў падстаўныя фірмы іншых краінаў. У Інтэрнэт-даведніку “Бізнэс Беларусі” няма зьвестак пра фірму “Рэгпэй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG