Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НАРОДНАЯ ВОЛЯ” ЗЬВЯРНУЛАСЯ СА СКАРГАЙ У ВЯРХОЎНЫ СУД


Ганна Соусь, Менск

Сёньня галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч падаў у Вярхоўны суд Беларусі скаргу ў парадку нагляду. Вярхоўны суд, як і раней прэзыдыюм Менскага гарадзкога суду, прыпыніў рашэньне аб спагнаньні матэрыяльнай кампэнсацыі з газэты, Марыны Коктыш і Элеаноры Язерскай. Іосіф Сярэдзіч запэўніў Радыё Свабода, што ён будзе працягваць змаганьне за газэту з тым, каб дамагчыся адмены несправядлівага рашэньня суду.

Вярхоўны суд — гэта ўжо другая інстанцыя, дзе рэдакцыя газэты абскарджвае рашэньне судовай калегіі Менскага гарадзкога суду. Раней “Народная воля” зьвярталася ў прэзыдыюм Менскага гарадзкога суду. Але ў адказе, які напачатку 2004 году быў атрыманы ад старшыні Менскага гарадзкога суду Міхаіла Ардзякі, просьба адмяніць рашэньне аб спагнаньні грошай не была задаволеная.

У скарзе на адрас Вярхоўнага суду Беларусі адзначаецца шэраг парушэньняў падчас судовага працэсу над “Народнай воляй”. Гаворыць карэспандэнтка “Народнай волі” Марына Коктыш:

(Коктыш: ) “На маю думку, калегія Менскага гарадзкога суду й прэзыдыюм Менскага гарадзкога суду вынесьлі жахлівае, неразумнае й несправядлівае рашэньне, бо яны хаця й напісалі нам у адказе, што прынялі да ўвагі пытаньні, зьвязаныя зь фінансавым становішчам і адказчыка, і рэдакцыі, але гэтае рашэньне ставіць пад пагрозу закрыцьця газэту “Народная воля”, бо для нас гэта вельмі вялікая сума. Невядома, як Язерская й я будзем выплачваць гэтыя грошы. Мой месячны заробак складае 234 тысячы рублёў, а Язерская зьяўляецца пэнсіянэркай, і памер яе пэнсіі — 136 тысяч рублёў. Іншых прыбыткаў ні яна, ні я ня маем”.

Марына Коктыш зьвяртае ўвагу на наступную акалічнасьць:

(Коктыш: ) “Калі, прыкладам, сваякі загінулых на Нямізе зьвярнуліся ў суд з пазовамі, патрабуючы фінансавай кампэнсацыі на 55 тысяч даляраў, суд ім адмовіў у гэтых патрабаваньнях. А калі Рыбакоў патрабуе з рэдакцыі “Народнай волі” 25 тысяч даляраў і зь мяне й Язерскай — 3 тысячы даляраў, і суд гэта задавальняе, то дзе тут лёгіка?”

Нагадаю, што Ягор Рыбакоў выйграў суд па факце публікацыі ў “Народнай волі” ў кастрычніку 2001 году, у якой Элеанора Язерская сьцьвярджала, што Ягор Рыбакоў нібыта пераўтварыў Беларускае тэлебачаньне ў руіны, а таксама спрычыніўся да сьмерці некаторых супрацоўнікаў БТ.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG