Старыя габрэйскія могілкі ў Рагачове на высокім беразе Дняпра маюць занядбаны выгляд. Шмат надмагільных плітаў звалены ў гурбу ля дарогі. Праз могілкі езьдзіць транспарт. На пустыннай частцы стаіць нешта накшталт самаробнай футбольнай брамы. Непадалёку закінутая верталётная пляцоўка для санавіяцыі.
Намесьнік дырэктара мясцовай гімназіі, гісторык Аляксандр Лейкін распавёў нашаму радыё:
(Лейкін: ) “Гэтым могілкам амаль сто гадоў. Яны ўжо зачынены. Сваякоў тых, хто тут пахаваны, фактычна не засталося. Частка могілак была зруйнавана яшчэ падчас вайны. Пахаваньне вялося недзе да 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Прыкладна ў 72-м годзе могілкі зачынілі. Ад Гутмана, асацыяцыі беларускіх габрэяў, прыяжджалі прадстаўнікі. Была прапанова агарадзіць могілкі. Стан іх сапраўды жахлівы. Дзясятка паўтара магілаў сяк-так падтрымліваюцца. Многія перазахаваны. Летам на разворанай тэрыторыі пасьвіцца жывёла, прыватнікі складаюць сена. Калі прыяжджалі з Ізраіля сваякі і вялося перазахаваньне, шэраг старых надмагільных плітаў звалілі ў гурбу, і яны такою страшнаю гурбаю ляжаць каля дарогі”.
Генэральны дырэктар камунальнага прадпрыемства “Рагачоўскае” Аркадзь Капельян, чый брат Якаў, пакуль не памёр, ачольваў мясцовую габрэйскую суполку, паведаміў, што зваленыя ў гурбу надмагільныя пліты ня ёсьць актам вандалізму. Гэта зроблена габрэйскай суполкай падчас перазахаваньня. Проста надмагільныя пліты не змаглі вывезьці. Паводле спадара Капельяна, на ўстаноўку агароджы і ўпарадакаваньне старых могілак у камунальнага прадпрыемства няма сродкаў:
(Капельян: ) “На мой погляд, трэба абнесьці старыя могілкі добрай жалезабэтоннаю ці чыгуннаю агароджаю. У свой час мы ставілі драўляны штакетнік, але яго па-варварску ламалі. Сюды, на бераг Дняпра, і адпачываць ходзяць, і выпіваць. І ў камбінат будматэрыялаў едуць. Але сродкаў на добраўпарадкаваньне ў нас няма. Фінансаваньне нам сёлета зьменшылі з 740 мільёнаў рублёў да 500. А ў нас у паўгораду дарогі развалены. Ходнікаў няма, з асьвятленьнем праблемы. У нас і цэнтральныя могілкі добра ня агароджаны. Прафінансаваць добраўпарадкаваньне старых габрэйскіх могілак зь бюджэту выканкаму не атрымаецца”.