Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЦЫЯНАЛЬНАМУ ГУМАНІТАРНАМУ ЛІЦЭЮ ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА СПОЎНІЛАСЯ 14 ГОД


Любоў Лунёва, Менск

У двары ліцэю сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек – выкладчыкі, ліцэісты, іх бацькі, госьці і журналісты. На імпрэзу прыйшлі і выпускнікі ліцэю, якія цяпер вучацца ў розных вышэйшых навучальных установах. Выкладчыкі ліцэю павіншавалі ўсіх навучэнцаў з Днём ліцэю. Старшыня вучнёўскага самакіраваньня Франак Вячорка выступіў ад імя ліцэістаў:

(Франак: ) “Традыцыйна ў гэты дзень у нас адбываецца “Дзень адчыненых дзьвярэй”. Сёньня мы вырашылі назваць гэты дзень “днём зачыненых дзьвярэй”. Таму што дзьверы нашы зачыненыя, і мы ня маем магчымасьці туды зайсьці. Але ж мы ведаем, што гэта наш будынак. Мы правядзем усе мерапрыемствы, якія традыцыйна адбываюцца ў “дзень адчыненых дзьвярэй”. У нас звычайна адбываюцца экскурсіі па ліцэю. Таму мы вырашылі не адмяняць гэтую традыцыю. У нас ёсьць гіды, якія могуць правесьці экскурсію для нашых гасьцей, але не ўнутры, а зьнешне”.

Ліцэісты выказалі падзяку ўсім, хто ня быў абыякавы да іх лёсу ў часе абароны ліцэю. Дзеці запалілі бэнгальскія агні і запусьцілі ў паветра белыя і чырвоныя балёнікі.

Міліцыянты ў цывільным прысутнічалі на акцыі. Калі яны пачулі заклікі выйсьці на праспэкт Францішка Скарыны, пачалі палохаць прысутных затрыманьнямі.

(Міліцыянт: ) “Я разглядаю вашы прапановы як несанкцыянаваны пікет. Да вас будуць ужытыя адміністрацыйныя меры. Адказнасьць надыходзіць з 16 гадоў… А каму ня споўнілася 16, то будуць штрафаваць іх бацькоў… На вуліцу выходзіць я вам не дазваляю”.

Нягледзячы на пагрозы, усе пайшлі на праспэкт. На Кастрычніцкім пляцы дзеці пабудавалі жывы ланцуг. Яны трымалі чырвоныя сардэчкі і плякат: “14 год ліцэю. Нас ня зьнішчаць!”

Дзеці мелі сьвяточны настрой. Яны казалі, што не баяцца затрыманьняў. Студэнтка Ш курсу Ксенія Гаеўская трымала чырвонае сэрца і бел-чырвона-белую кветку, зробленую з паперы.

(Ксенія: ) “Мы лічым, што, паколькі нас пазбавілі будынку, то мы маем права сьвяткаваць у горадзе. Хоць міліцыянты і кажуць, што тут несанкцыянаваны пікет, ніякага пікету тут няма. У нас ёсьць толькі балёнікі, толькі кветкі і сэрцы. Калі нас затрымаюць, то гэта будзе несправядліва”.

Кіраўнік аддзелу грамадзкай бясьпекі ГУУСу сп. Вараб’ёў паведаміў бацькам і выкладчыкам, што іх затрымаюць. Але ўсе засталіся стаяць разам зь дзецьмі. Сябра Бацькоўскай Рады Вінцук Вячорка выказаўся на гэты конт:

(Вячорка: ) “Мы не баімся ніякіх іхных пагрозаў. Мы ўжо даўно ўсяго перабаяліся. Мы думаем пра Беларусь. Беларускі ліцэй – гэта яе будучыня. Дзеля таго, каб у Беларусі была будучыня, мы гатовыя пайсьці на самыя розныя ахвяры. Даўно мы не баімся ні спадара Вараб’ёва, ні спадара Лукашэнкі”.

Дзеці ўручылі ружу міліцэйскаму кіраўніку сп.Вараб’ёву, але той дэманстратыўна кінуў яе на брук і па рацыі выклікаў аўтобус з АМОНаўцамі. У хуткім часе прыехалі амонаўцы. Выкладчыкі вырашылі, што ня варта чакаць, пакуль пачнуць іх зацягваць у аўтобус і папрасілі дзяцей разысьціся, каб не псаваць сьвяточны настрой. Тым больш, што на заўтра заплянавана сьвяточная дыскатэка і дэманстрацыя дакумэнтальнага фільму пра ліцэй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG