Як паведаміў нашаму радыё лідэр салігорскай філіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Рамаеў, дыскрымінацыя мае месца, у прыватнасьці, на прадпрыемстве “Беларуськалій”:
(Рамаеў: ) “У аддзелы кадраў выклікаюць актывістаў апазыцыйных партыяў — Грамадзянскай і іншых — і высьвятляюць: ці зьяўляюцца яны сябрамі гэтых партыяў. І калі чалавек пацьвярджае гэтую прыналежнасьць, то на яго аказваецца маральны ціск. Патрабуюць выхаду з партыі. Пагражаюць звальненьнем. Як я лічу, ініцыятыва зыходзіць ад кіраўніцтва прадпрыемства, якое праводзіць “чыстку” ў структурных падразьдзяленьнях “Беларуськалія”. Хутчэй за ўсё, генэральны дырэктар Башура атрымаў указаньне на гэта з адміністрацыі прэзідэнта”.
Паводле ягоных словаў, у “Беларуськалія” ёсьць пэўны досьвед у гэтай справе. Летась, як лічыць кіраўнік салігорскай суполкі АГП, была звольненая з палітычных матываў з гэтага прадпрыемства актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Тацяна Трубчык.
Намесьнік генэральнага дырэктара “Беларуськалія” ў пытаньнях інфармацыі і кадраў Анатоль Махлай абвяргае існаваньне на прадпрыемстве палітыкі “чысткі” працоўнага калектыву ад іншадумцаў:
(Махлай: ) “Асабіста я не патрабаваў ні ў кога. З розных партыяў у нас працуюць у “Беларуськаліі”. Працуюць таксама ў нас прадстаўнікі двух прафсаюзаў. Мы ім не выстаўляем ніякіх прэтэнзіяў. Наш генэральны дырэктара абсалютна свабодны чалавек”.
Кіраўніцтва Салігорскага гарвыканкаму таксама адмаўляе палітыку працоўнай дыскрымінацыі ў дачыненьні да прадстаўнікоў апазыцыі. Намесьніца старшыні Людміла Пятрашка, якая адказвае за стан ідэалягічнай працы ў шахцёрскім горадзе, сьцьвярджае, напрыклад, што ў іх няма сьпісаў актывістаў партыяў. Між тым, паводле прадстаўнікоў апазыцыі, над складаньнем гэтых сьпісаў сёньня актыўна працуюць улады. Вось, у прыватнасьці, што зазначыў на гэты конт лідэр салігорскай філіі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алег Борын:
(Борын: ) “Ціск ёсць. Памятаеце 1991 год? Як узрушыў Салігорск усю Беларусь! Таму, як я мяркую, стаўка і робіцца на тое. Каб людзі атрымлівалі грошы і маўчалі, іншым нічым не займаліся. Я думаю так. Пасьля таго, як прэзыдэнт папрацаваў з КГБ, то я мяркую, што яны пачалі больш працаваць тут у правінцыі”.