Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПРАВА “ЎНІДРАГМЕТ БДУ” РАЗВАЛЬВАЕЦЦА

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Справу супраць кіраўнікоў прадпрыемства “Ўнідрагмет БДУ” дагэтуль вядзе пракуратура Беларусі, але, як лічыць адвакат Вера Страмкоўская, яе судовыя пэрспэктывы набліжаюцца да нуля. Пра гэта сьведчыць і тое, што днямі выйшлі на волю кіраўнікі прадпрыемства Мікалай Корзун і Вячаслаў Саньнікаў, якія былі арыштаваныя паводле падазрэньняў у крадзежы 34 кіляграмаў золата. Пракуратура ня здолела пацьвердзіць гэтага сур’ёзнага абвінавачаньня і вымушаная была замяніць зьняволеньне падпіскай аб нявыязьдзе.

Сьледзтва працягваецца, але цяпер Мікалая Корзуна і Вячаслава Саньнікава падазраюць ужо ў нявыплаце часткі мытных збораў за ўвезенае ў Беларусь золата, якое прадпрыемства перапрацоўвала з дапамогай замежных партнэраў. Дарэчы, Менскі гаспадарчы суд вырашыў, што “Ўнідрагмет БДУ” запазычанасьці перад мытным камітэтам ня мае, але мытнікі гэтае рашэньне спрабуюць аспрэчыць. Калі іх касацыйная скарга ня будзе задаволеная, справа канчаткова разваліцца, лічыць адвакатка Вера Страмкоўская, якая абараняе намесьніка дырэктара “Ўнідрагмет БДУ” Вячаслава Саньнікава:

(Страмкоўская: ) “Не хапае, на мой погляд, не хапае сьледзтву аргумэнтаў і доказаў. Таму нават сёньня робяць захады, каб знайсьці хаця б якую зачэпку і давесьці справу да суду”.

Акрамя Мікалая Корзуна і Вячаслава Саньнікава, якім давялося правесьці за кратамі два месяцы, ужо пацярпеў ад гэтай справы былы рэктар унівэрсытэту Аляксандар Казулін — ён быў пазбаўлены пасады. Імя Аляксандра Казуліна зьвязалі са скандалам адразу пасьля зьяўленьня зьвестак пра золата БДУ. Пастаралася пракуратура, якая распаўсюдзіла зьвесткі, што Аляксандра Казуліна нібыта ня могуць знайсьці, каб выклікаць на допыт па гэтай справе, між тым рэктар быў у Менску. Але Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Аляксандар Казулін ня можа быць рэктарам БДУ і падпісаў указ аб ягоным звальненьні. Між тым, ад пачатку Аляксандар Казулін заяўляў, што ня верыць у віну кіраўнікоў “Унідрагмет БДУ”. Гэта ён сёньня зноў пацьвердзіў для Радыё Свабода.

(Казулін: ) “Абсалютна перакананы, што гэтыя людзі з БДУ працуюць сумленна. Ніколі ў гэтым не сумняваўся і цяпер не сумяюся”, — заявіў Аляксандар Казулін.

Тое, што ягоныя былыя падначаленыя адпушчаныя на волю, ён вітаў, але камэнтаваць дзеяньні сьледчых адмовіўся. Паводле зьвестак Аляксандра Казуліна, расьсьледаваньне справы “Ўнідрагмет БДУ” падоўжанае да 5 красавіка. Аляксандар Казулін нядаўна звольніўся з БДУ і цяпер, паводле ягоных словаў, пакуль нідзе не працуе.
XS
SM
MD
LG