Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД ПАПЯРЭДЗІЎ ГАБРЭЙСКАГА АКТЫВІСТА ЗА ПРАВЯДЗЕНЬНЕ ПІКЕТУ СУПРАЦЬ ДЗЯРЖАЎНАГА АНТЫСЭМІТЫЗМУ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Якаў Гутман прыйшоў 14 студзеня да будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі з плякатам, на якім было напісана: “Аляксандар Рыгоравіч, калі ласка, спыніце руйнаваньне сынагог, зьнішчэньне габрэйскіх могілак, помнікаў ахвярам Галакосту. Якаў Гутман”. Прэзыдэнт Усясьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў так патлумачыў мэту сваёй акцыі:

(Гутман: ) “Я выходжу на гэтую акцыю, таму што зьнішчаная сынагога на Дзімітрава два гады таму, цяпер пачалі працаваць экскаватары на Нямізе. Яны зьнішчаць канчаткова Халодную сынагогу, якая заснаваная ў 1570 годзе. У Мазыры гэтым летам вялося будаўніцтва на двух габрэйскіх могілках. У тым жа Мазыры месяц таму зьнішчаны мэмарыяльны знак, які я паставіў на тым месцы, дзе мазырскія габрэі, у тым ліку і мой дзед, у 1941 годзе спалілі сябе. Я ўжо не кажу, што ў Рагачове адбываецца на могілках, што ў Горадні было. Гэтага нельга трываць. Нехта павінен пратэставаць”.

Прэзыдэнт Усясьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў лічыць гэтыя факты, а таксама публікацыю ў 1999 годзе “Пратаколаў сіёнскіх мудрацоў” праявамі дзяржаўнага антысэмітызму. Свой пікет каля адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Якаў Гутман прымеркаваў да 60-й гадавіны вызваленьня яго роднага Мазыра ад нацыстаў, якая адзначаецца 14 студзеня.

Пікет працягваўся ня больш як паўхвіліны. Якаў Гутман толькі разгарнуў плякат, як да яго адразу ж падбеглі міліцыянты ў форме і цывільным і затрымалі. Падчас затрыманьня Якаў Гутман заявіў:

(Гутман: ) “Я абвяшчаю галадоўку на знак пратэсту супраць дзяржаўнага антысэмітызму ў Рэспубліцы Беларусь”.

У пастарунку Якава Гутмана пратрымалі некалькі гадзінаў, склалі пратакол за правядзеньне несанкцыянаванага пікету, пасьля чаго даставілі ў суд. Судзьдзя Ленінскага райсуду Алена Церашкова вынесла спадару Гутману афіцыйнае папярэджаньне.
XS
SM
MD
LG