(Навапалачанка: ) “Здаўна ж казалі: не падмажаш — не паедзеш! Таму кожная цётка, і кожны дзядзька, і чыноўнік вышэйшага рангу, зьбіраючыся ў больніцу, калі яму сур’ёзнае трэба нешта, зьбірае торбу. У адных гэта даляры, у другіх гэта торба з правіянтам. А калі зьбіраецца малады чалавек ці дзяўчына некуды паступаць, дык бацькі таксама маюць вельмі вялікі клопат пра тое — з чым ён будзе паступаць. І думаецца найперш не пра багаж ведаў, а пра тое, ці вялікае заплечча ў гэтага чалавека”.
(Навапалачанін: ) “Я лічу, што ў наш час карупцыя паўсюль: усё скрозь карумпавана. І якую б справу ні распачынаў — значная яна, ці ня значная, у любым выпадку трэба штосьці-дзесьці купіць, “падмазаць”, заплаціць. Бяз гэтага ў наш час ніяк… паўсюль трэба плаціць”.
(Навапалачанка: ) “Я думаю, што гэта паўсюдная практыка — браць хабар”.
(Навапалачанка: ) “Дзеля таго, каб паступіць некуды — у інстытут, ці нават у вучэльню, трэба даць хабар”.
(Навапалачанка: ) “Хацелася б, каб мэдыцына нашая была на адпаведным узроўні, бо каб зьвярнуцца да добрага лекара й атрымаць кваліфікаваную дапамогу, усё адно чалавеку трэба — хай і ў знак падзякі — нешта прынесьці”.
(Навапалачанін: ) “Любы чыноўнік у нашай краіне патэнцыйна можа стаць карупцыянэрам, бо ад яго волі залежаць лёсы іншых людзей. І гэтым усё сказана”.
(Навапалачанін: ) “Мяне, як беспрацоўнага, хвалюе тое, што добрую працу можна займець толькі даўшы хабар. І на буйных прадпрыемствах, якія стабільна працуюць і з прыстойным узроўнем заробку, нават існуюць дзеля гэтага негалосныя “тарыфы”, якія ўсім вядомыя, і лік якіх ідзе на некалькі сотняў даляраў. Як беспрацоўны, я не ўяўляю, як вырашыць для сябе гэтую праблему, і гэта нараджае ў душы маркоту й паніку”.
(Навапалачанка: ) “Мне здаецца, што найбольш хабарніцтва ёсьць у выкладчыкаў вышэйшых навучальных установаў, у мэдыцыне і, напэўна, у міліцыі. Але ў некаторых сфэрах, вось як у выпадку з выкладчыкамі, дык як яны зарабляюць, як аплачваецца іх праца, гэта зьяўляецца ўжо натуральнай зьявай, як бы гэта дзіўна ні гучала”.
(Навапалачанін: ) “На мой погляд, хабарніцтва найбольш распаўсюджанае ў асяродзьдзі выкладчыкаў вышэйшых навучальных установаў. І гэта тычыцца ня толькі прыёму ў ВНУ, але таксама й здачы звычайных сэсіяў. Але тут нельга вінаваціць саміх выкладчыкаў, бо перш за ўсё вінаватая нашая дзяржава, якая вызначыла ім такія амаль што жабрачыя заробкі”.