Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЭНСАЦЫЙНЫЯ ЗАЯВЫ БЫЛОГА МІНІСТРА ФІНАНСАЎ ЗША

Юры Дракахруст, Прага

Былы міністар фінансаў ЗША Пол А’Ніл гаворыць, што прэзыдэнт Джордж Буш прыняў рашэньне наконт ваеннай апэрацыі ў Іраку больш чым за 7 месяцаў да тэрарыстычнай атакі на Амэрыку 11 верасьня 2001 году. З такой сэнсацыйнай заяваю былы міністар выступіў у праграме “60 хвілінаў” тэлеканалу Сі-Бі-Эс. Паводле А’Ніла, ад пачатку працы новай адміністрацыі размова ішла пра тое, як скінуць Хусэйна, а пытаньня, чаму гэта трэба рабіць, нават не ўзьнікала. Былы міністар паведаміў, што за амаль два гады свайго знаходжаньня ў складзе ўраду ён аніводнага разу ня бачыў аніякіх пераканаўчых доказаў наяўнасьці ў рэжыму Хусэйна зброі масавага зьнішчэньня. Пол А’Ніл быў адпраўлены ў адстаўку летась, прычынай яе стала нязгода з палітыкаю далейшага скарачэньня падаткаў, абвешчанай прэзыдэнтам Бушам.

Зьмена рэжыму ў Багдадзе стала мэтаю амэрыканскай палітыкі ў 1998 годзе, яшчэ пры прэзыдэнце Клінтане. Пра гэта нагадаў учора прэзыдэнт Буш, выступаючы ў Мэксыцы.

(Буш: ) “Палітыка маёй адміністрацыі адносна Садама Хусэйна была вельмі яснай. Як і папярэдняя адміністрацыя, мы былі за зьмену рэжыму”.

Аднак былы міністар Пол А’Ніл падкрэсьлівае, што раней палітыка ЗША адносна Іраку не прадугледжвала аднабаковых ваеных дзеяньняў.

(А’Ніл: ) “Для мяне самае паняцьце папераджальнага ўдару, калі Злучаныя Штаты лічаць сваім правам у аднабаковым парадку рабіць тое, што яны хочуць, было прыкметай велізарных зьменаў”.

Сэнсацыйныя заявы былога міністра былі прымеркаваныя да выхаду кнігі Рона Зюскінда “Цана ляяльнасьці” пра ўрад Джорджа Буша. А’Ніл удзельнічаў у напісаньні кнігі. “New York Times” паведамляе, што ён перадаў Зюскінду 19 тысячаў урадавых дакум’нтаў, якія сабраў, знаходзячыся на міністэрскай пасадзе.

Прадстаўнікі Белага дому гавораць, што сэнсацыйныя заявы былога міністра фінансаў – ня болей, чым праява асабістых крыўдаў чыноўніка, адхіленага ад пасады. Некаторыя амэрыканскія экспэрты падзяляюць гэтае меркаваньне, іншыя кажуць, што, магчыма, А’Ніл мае рацыю і тэма зброі масавага зьнішчэньня стала апраўданьнем вайны, распачатай на зусім іншых падставах. Паведамленьні былога міністра Буша, безумоўна, стануць козырамі ў руках прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта ад дэмакратычнай партыі – Говарда Дына і Ўэсьлі Кларка, абодва яны ставяць пад сумнеў як палітыку Буша ў Іраку, гэтак і матывы, паводле якіх была распачатая вайна. Аднак экспэрты разыходзяцца ў поглядах, наколькі важкім козырам стануць заявы А’Ніла ў перадвыбарчай барацьбе.
XS
SM
MD
LG