Учора адбылася сустрэча кіраўнікоў цэнтрабанкаў розных краінаў у швайцарскім горадзе Базэль. “Мы моцна заклапочаныя ростам эўра. Мы не застанемся абыякавымі да гэтага працэсу”, – заявіў кіраўнік Эўрапейскага Цэнтрабанку Жан-Клод Трышэ. Спадар Трышэ таксама наўмысна ня стаў паўтараць свайго звычайнага лёзунгу, што Эўропе патрэбны “моцны і стабільны” эўра, на гэты раз ён абмежаваўся толькі словам “стабільны”. Трэба адзначыць, што дагэтуль эўрапейскія банкіры ніяк не рэагавалі на рост эўра, заяўляючы пра свае неўмяшаньне ў працэсы рынкавай рэгуліроўкі курса. Пасьля заявы спадара Трышэ курс эўра панізіўся за дзень ад рэкордных 1,29 амаль на паўтара цэнта да 1.274 за даляр.
Словы кіраўніка Эўрапейскага Цэнтрабанку зьліліся ў адзіны хор разам з заявамі іншых эўрапейскіх чыноўнікаў апошніх дзён, якія паказваюць, што цяпер эўраструктуры ўсур'ёз разглядаюць магчымасьць нейкіх дзеяньняў, якія мусяць прыпыніць рост эўра. Магчыма, гэтыя супольныя дзеяньні будуць разглядацца ўжо на наступнай сустрэчы міністраў фінансаў краінаў Вялікай сямёркі.
Моцнае эўра гасіць прыкметы адраджэнньня эўрапейскай эканомікі – у асноўным з-за таго, што робіць больш дарагім экспарт эўрапейскіх тавараў. У адрозьненьне ад ЗША і Японіі, Эўропа больш залежыць ад экспарту сваёй прадукцыі. Як адзначае газэта “The Wall Street Journal”, даляр за апошнія месяцы ўпаў у параўнаньні з многімі валютамі, аднак эўрапейцы адчуваюць, што менавіта яны нясуць асноўны цяжар гэтага працэсу. Валюты азіяцкіх краінаў настолькі звязаныя з амэрыканскай, што яны слабеюць усьлед за далярам. Таму Японія, напрыклад, праводзіць рэгулярныя валютныя інтэрвэнцыі для падтрымкі даляра і супраць росту ены. Эўрапейцы спачатку відавочна радаваліся пад’ёму сваёй валюты. Потым падкрэсьлівалі сваю нэўтральнасьць, і толькі цяпер выказалі занепакоенасьць гэтай тэндэнцыяй.
Як заявіў галоўны эканаміст Deutsche Bank Норбэрт Вальтэр, калі курс эўра дасягне 1,4, гэта зробіць нэгатыўны ўплыў на кан'юнктуру ў Нямеччыне. Вальтэр лічыць, што ўздаражаньне эўра на 10 працэнтаў вядзе да скарачэньня валавага прадукту ў гэтай краіне на паўпрацэнта.
Прэм’ер-міністар Францыі Жан-П’ер Рафарэн заявіў, што слабасьць даляра не ў інтарэсах як ЗША, гэтак і Эўропы. “Мы павінны разам, хутка, знайсьці шлях для парытэту, які больш сумяшчальны з эканамічнай рэальнасьцю“, – сказаў францускі прэм’ер.
Эўрапейскія палітыкі жадаюць, каб міністры фінансаў на сустрэчы краінаў Вялікай сямёркі ў Флёрыдзе ў пачатку лютага прынялі сумесныя захады супраць далейшага падзеньня даляру. Аднак многія аналітыкі сумняюцца, што ЗША пойдуць на такі крок, паколькі слабы даляр дапамагае ўздымаць амэрыканскую эканоміку ў год прэзыдэнцкіх выбараў.