Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТАВАРЫСТВА БЕЛАРУСКАЕ МОВЫ ПАЗБАЎЛЯЮЦЬ ОФІСУ


Валянціна Аксак, Менск

Дырэктар ЖРЭА Алег Пракаповіч загадаў ім вызваліць памяшканьне да згаданае даты, не ўдаючыся ў асаблівае тлумачэньне прычынаў. На ўсе нашыя спробы атрымаць тлумачэньне спадара Пракаповіча ягоная сакратарка адказвала, што ён заняты і ня можа з намі гаварыць.

13 студзеня старшыні рэспубліканскае і сталічнае арганізацыяў ТБМ, якія супольна арандуюць офіс на Румянцава, 13, сустрэліся з кіраўніком адміністрацыі Партызанскага раёну Менску Пятром Сямашкам. Вось што пра вынікі гэтае сустрэчы паведаміў нашаму радыё Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Ён пацьвердзіў, што так, будзем высяляць. І наўзамен нічога не прапанаваў. З размоваў зь ім мы зразумелі, што над Сямашкам ёсьць вышэйшыя асобы, якія такім чынам хочуць ліквідаваць Таварыства беларускае мовы. Ня даць нам ніякага памяшканьня ў Менску — значыць, губляецца юрыдычны адрас, пасьля чаго аўтаматычна зачыняецца арганізацыя”.

Спадар Трусаў гаворыць, што за 14 гадоў, што арганізацыя месьціцца на Румянцава, 13, гэта ня першае рашэньне выселіць іх з офісу, і яно не было нечаканае. Год таму ўлады хацелі зьліквідаваць ТБМ праз папярэджаньні Міністэрства юстыцыі аб нібыта статутных парушэньнях, але праз суд арганізацыя давяла сваю слушнасьць. Цяпер абраны іншы мэтад. Аднак спадар Трусаў упэўнены, што з дапамогаю грамадзкасьці ТБМ і на гэты раз зможа адстаяць свае правы.

(Трусаў: ) “Гэта ўжо ня першы раз за нашу гісторыю, гэта ўжо трэці раз. Было, што высялялі, на трактарах вывозілі. Але потым з дапамогаю перш-наперш айчыннае грамадзкасьці, ды і міжнародная падтрымала, мы вярнуліся назад. Таму ў нас ёсьць час да 4 сакавіка, у які мы актыўна будзем працаваць. Спадзяёмся, як бы там улады сябе ні паводзілі, беларускай мовы такім чынам ня зьнішчыш. І такія адносіны да таварыства яшчэ больш павернуць людзей да беларускасьці”.

Спадзяючыся на лепшае, трэба — па старой беларускай звычцы — рыхтавацца да горшага, — кажа старшыня ТБМ і зьвяртаецца да нашых слухачоў:

(Трусаў: ) “Можа быць, хто са слухачоў “Свабоды”, хто жыве ў Менску, прапануе нам юрыдычны адрас у нежылым памяшканьні, ёсьць у нас шмат прыватных будынкаў нежылога фонду, то мы былі бы вельмі ўдзячныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG