Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД ПАЧАЎ РАЗГЛЯД СПРАВЫ АБ ЗЬБІЦЬЦІ АЛЕГА ВОЛЧАКА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

За мінулыя гады шмат вядомых менчукоў сталі ахвярамі вулічных злачынцаў. Можна назваць палітыка Анатоля Лябедзьку, артыста Расьціслава Янкоўскага, тэатральнага рэжысэра Валера Мазынскага, акадэміка Радзіма Гарэцкага, рэктара БДУ Васіля Стражава. Летась у верасьні на вуліцы Веры Харужай сярод дня быў зьбіты вядомы праваабаронца Алег Волчак. Чалавек, які, як сьцьвярджае спадар Волчак, напаў на яго, не асабліва хаваўся, таму ўдалося занатаваць нумар аўтамабіля, на якім той зьехаў зь месца злачынства. 13 студзеня, амаль праз чатыры месяцы пасьля здарэньня, суд нарэшце пачаў разгляд абставінаў гэтага інцыдэнту. Алег Волчак даў паказаньні суду як пацярпелы. Выступіў з тлумачэньнем і грамадзянін, якога Волчак абвінавачвае ў нападзе. Паводле Волчака, той хлусіў:

(Волчак: ) “Ён абараняецца, але доказаў ягонага злачынства дастаткова, і я мяркую, прысуд будзе справядлівы”.

Сам Алег Волчак лічыць, што калі б не ягоны прафэсійны досьвед у расьсьледаваньні крымінальных справаў (раней праваабаронца працаваў сьледчым пракуратуры), гэтая простая справа ніколі не была б даведзеная да суду. Паводле праваабаронцы, праблема ня толькі ў тым, што вулічных злачынцаў у мільённым горадзе знайсьці вельмі цяжка. На думку Алега Волчака, мае значэньне і тое, хто ёсьць ахвярай.

Літаральна год таму ў тым самым Савецкім раёне Менску побач са сваім домам быў жорстка зьбіты акадэмік Радзім Гарэцкі, таксама вядомы сваёй актыўнасьцю у дэмакратычным руху. Амаль год цягнулася сьледзтва, але злачынцаў гэтак і не знайшлі. Нядаўна Радзім Гарэцкі праглядаў крымінальную справу, і вось што яго найбольш зьдзівіла. Усе апытаныя сьведкі нічога ня бачылі, хаця суседзі распавядалі асабіста яму, што бачылі падазроных асобаў, якія маглі быць злачынцамі. І яшчэ дзіўная мэтамарфоза адбылася з дыягназам, які быў пастаўлены зьбітаму акадэміку. Спачатку дактары прызналі, што у яго чэрапна-мазгавая траўма сярэдняй цяжкасьці з сатрасеньнем мозгу, але ў крымінальнай справе дыягназ зьмяніўся:

(Гарэцкі: ) “Заключэньне ўжо такое, што сатрасеньня мозгу ўжо няма, і траўма чэрапа лёгкая, быццам мяне не ўдарылі зусім, а проста штурханулі. Маўляў, няма чаго і шум падымаць. А я ж тры гадзіны праляжаў без прытомнасьці. Напярэдадні бачыўся зь Нілам Гілевічам і Анатолем Грыцкевічам, а жонка пытаецца, ці ведаеш ты такіх, дык я адказаў тады, што ня ведаю… Вось так было”.

Нядаўна Радзім Гарэцкі атрымаў зь міліцыі паведамленьне, што ягоную справу закрылі.

Месяц таму прыкладна гэтак сама на вуліцы побач са сваім домам быў зьбіты былы міністар адукацыі, цяперашні рэктар БДУ Васіль Стражаў. Сталічная міліцыя празь дзяржаўнае тэлебачаньне абвесьціла, што бярэ гэтую справу на асаблівы кантроль. І сапраўды, крыўдзіцелі былога міністра былі знойдзеныя. У гэтым выпадку сьледчым хапіла ўсяго некалькіх дзён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG