Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СТРАСБУРЫ АБМЯРКУЮЦЬ, ЯК НАДАЛЕЙ СУПРАЦОЎНІЧАЦЬ ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Перад адлётам у Страсбур Аляксандар Мілінкевіч паведаміў па тэлефоне пра тое, якія складаныя пытаньні будуць абмеркаваныя на сходзе дэлегацыі Эўрапарлямэнту.

(Мілінкевіч: ) “Эўрапейскі Зьвяз ужо некалькі гадоў спрабуе наладзіць супрацоўніцтва зь Беларусьсю ва ўсіх сфэрах. На сёньняшні момант, на жаль, усе гэтыя спробы не знайшлі водгуку. Яны там трошкі расчараваныя. Але ніхто ніколі ня скажа, што Беларусі ня бачаць у Эўропе”.

Аднак Аляксандар Мілінкевіч падкрэсьлівае, што цяпер у Страсбуры чакаюць прапановаў ад беларускіх прадстаўнікоў. Ён мяркуе, што на сустрэчы зь сябрамі дэлегацыі Эўрапарлямэнту прагучыць пытаньне да беларусаў: а як вы бачыце, якім чынам гэтае супрацоўніцтва можа разьвівацца надалей? Спадар Мілінкевіч лічыць, што існуе адна праблема. Некаторым у Радзе Эўропы надакучылі цяжкія перамовы зь беларускімі ўладамі і іхныя мізэрныя вынікі. Некаторыя нават пачалі думаць: ці ня варта тады спыніць гэтыя няплённыя кантакты?

(Мілінкевіч: ) “Я зьбіраюся гаварыць, што гэта будзе не ізаляцыя, а падтрымка самаізаляцыі Беларусі. На самай справе кіраўніцтва Беларусі ня хоча ісьці ў Эўропу, бо гэта азначае дэмакратызацыю, якой яно баіцца. І мая прапанова была бы такая, што калі ўрад на высокім узроўні ня можа наладзіць супрацоўніцтва, дык у ніякім выпадку нельга губляць супрацоўніцтва на ўзроўні народнай дыпляматыі, гэта значыцца, з газэтамі, з грамадзкімі арганізацыямі, з унівэрсытэтамі і гэтак далей”.

Аляксандар Мілінкевіч сказаў, што ён мае прапанову — разьвіваць супрацоўніцтва зь Беларусьсю, выкарыстоўваючы суседнія краіны, Польшчу, Літву, Латвію. Яны зь Беларусьсю гістарычна зьвязаны, апошнія дзесяцігодзьдзі знаходзіліся разам у адным сацыялістычным лягеры, і для іх лягчэй зразумець беларускія праблемы. Пра гэта А.Мілінкевіч зьбіраецца гаварыць заўтра ў Страсбуры на сходзе, прысьвечаным супрацоўніцтву зь Беларусьсю, а таксама з Украінай і Малдовай.

Аляксандар Мілінкевіч таксама зазначае, што калі Лукашэнка не прызнаны Эўропай, ён ня можа прадстаўляць усяго беларускага народу. А пагатоў, апошнія сацыялягічныя апытаньні сьведчаць, што бачыць сваю краіну ў складзе аб’яднанай Эўропы хочуць дзьве траціны беларусаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG