На гэтае пытаньне многім маім суразмоўцам было цяжка адказаць. Тым больш прывесьці канкрэтныя прыклады хабарніцтва. Але было нямала й тых, хто назваў сфэры, у якіх хабарніцтва найбольш разьвітае:
(Спадар: ) “Прыкладаў я прыводзіць ня буду, але думаю, што хабарніцтва найбольш разьвітае ў сфэры дзяржаўнага кіраваньня, у сфэры беларускай бюракратыі, якая кіруе нашай краінай. Яна ёсьць спадкаемцай савецкай бюракратыі, а там хабарніцтва было вельмі разьвітае”.
(Спадар: ) “Нейкіх канкрэтных прыкладаў назваць не магу, але, мне здаецца, у гандлі. Проста я сам працую ў гэтай сфэры й маю зносіны з усёй структурай крамы, ад начальства да прадаўцоў. І мне здаецца, трэба там з гэтым змагацца”.
(Дзяўчына: ) “Карупцыя? Я думаю, што ў палітыцы. Хаця прыкладаў я ня вядаю”.
(Карэспандэнт: ) “Чаму вы думаеце, што ў палітыцы?”
(Дзяўчына: ) “Я думаю, што гэта вельмі складаная сфэра нашага жыцьця, яна вельмі спрыяе карупцыі, хабарніцтву”.
(Спадар: ) “Я думаю, што ў найвышэйшых эшалёнах улады. Там больш за ўсё карупцыі. Я ня маю на ўвазе не прэзыдэнта ці генэральнага пракурора. А трохі ніжэй. Там, відаць, квітнее. І міліцыя. А сярод міліцыі ў Дзяржаўтаінспэкцыі. Я часам заўважаю, спыняюць, затрымаюць — парушэньне. А потым адпускаюць — і паехалі. Адкрыта хабар не даюць, але ўсе разумеюць, як гэта робіцца”.
(Спадарыня: ) “Я думаю, што ў структурах, якія бліжэй да камэрцыі. Каб людзям заняць зручны пункт у Менску для продажу, для нейкіх камэрцыйных офісаў, трэба, відаць, даваць на лапу. Я так думаю”.
(Хлопец: ) “Я думаю, у адукацыі. Гэта было ў нас разьвіта яшчэ з савецкага часу. Адукацыя, нават няма пытаньня!”
(Спадар: ) “Відаць, ва ўрадавай сфэры. Чым вышэйшая пасада, тым больш грошай чалавек можа ўзяць за нейкія паслугі іншым людзям”.
(Хлопец: ) “Міліцыя, хутчэй за ўсё. Я так лічу, бо ў мяне ёсьць шмат знаёмых, якія маюць грошы не з-за таго, што ў іх такая зарплата”.
(Спадар: ) “Міліцыя. Я на свае вочы бачыў, як гэта робіцца. 667 машына міліцыі. З цыганаў узялі грошы”.
(Студэнтка: ) “Нам як студэнтам, дык гэта пры паступленьні розныя махінацыі былі”.
(Яе сяброўка: ) “Я згодная”.
Гэткія былі адказы менчукоў на пытаньне “У якой сфэры ў Беларусі найбольш разьвітае хабарніцтва?”