“Комунар Магілеўшчыны”, 1934 году:
“У сувязі з тым, што Заходня-Сібірскі край, Уральская вобласьць і Беларуская ССР выканалі ўстаноўлены для іх СНК СССР і ЦК ВКП(б) гадавы плян збожжаздачы і забясьпечылі сябе насеньнем для яравой сяўбы, — Совет Народных Камісараў Саюза ССР і Цэнтральны Камітэт ВКП(б) пастанаўляюць: Дазволіць калгасам, калгасьнікам і працоўным аднаасобнікам пералічаных края, вобласьці і рэспублікі вытвараць бесьперашкодную продаж свайго збожжа (мукой, зернем, пячоным хлебам) каапэрацыйным арганізацыям, а таксама на гарадзкіх і сельскіх базарах і станцыях чыгункі. Старшыня СНК CССР — Молатаў (Скрабін), сакратар ЦК ВКП(б) — Сталін”.
“Чырвоная змена”, 1934 год:
“У адзнаку 15 зьезда КП(б)Б і 15-годзьдзя з дня абвяшчэньня БССР 18 студзеня праводзіцца ўсебеларускі комсамольскі суботнік у фонд абароны, абвешчаны па ініцыятыве комсамольцаў фабрыкі “Окцябр” і рада іншых прадпрыемстваў. Прэзыдыюм ЦСПСБ, вітаючы гэтую ініцыятыву комсамолу, прапануе ЦК саюзаў, гаррайпрафсаветам і ФЗМК уключыцца ў актыўную дапамогу комсамольскім ячэйкам па арганізацыі суботніка з тым, каб ахапіць суботнікам ня толькі пагалоўна ўсю моладзь, але і старых рабочых. Зараз-жа разгарнуць шырокую масавую работу па растлумачэньню задач суботніка, як мерапрыемства, накіраванага на ўмацаваньне абароннай магутнасьці Совецкага Саюза і яго фарпоста на Захадзе — БССР”.
“Могилевские ведомости”, 1994 год:
“З надзейных крыніцаў газэце зрабілася вядома, што былы мэр Магілёва, а цяпер прэзыдэнт абласнога Саюзу прадпрымальнікаў Сяргей Габрусеў рыхтуе пазоў аб абароне свайго гонару і годнасьці. Адказчык — дэпутат Аляксандар Лукашэнка. С.Габрусеў мае намер абскардзіць праз суд частку вядомага дакладу па карупцыі, дзе А.Лукашэнка папракнуў экс-мэра ў разбазарваньні гарадзкой маёмасьці. Тым ня менш, афіцыйнага звароту ў суд пакуль не было, што пацьвердзіў і старшыня аблсуду Ўл.Папянюк”.