Свой погляд на падыходы Эўразьвязу да беларускай праблемы ён выклаў у канцы мінулага году ў газэце “Sueddeutsche Zeitung”. Сёлета ў інтэрвію “Белорусской газете” сп. Вік удакладняе свае прапановы. Паводле яго, ранейшая стратэгія пагадненьняў з кіраўніцтвам Беларусі не апраўдала сябе, гэтыя пагадненьні не прыводзілі да канкрэтных дзеяньняў з боку Беларусі. “Беларусь для Эўропы – гэта вялікая дзірка, гэта тупік”, – кажа дыплямат. Ён адзначае, што раней праца зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю вялася павярхоўна і ніяк не адбівалася на вырашэньні палітычных праблемаў. Чакаючы пазытыўнага адказу ад ураду, Эўропа губляе львіную долю свайго палітычнага ўплыву на краіну – мяркуе Ганс Георг Вік. Паводле яго, размовы з Лукашэнкам – пустыя і на іх трэба ставіць кропку, дыялёг можа быць толькі з грамадзянскай супольнасьцю.
Былы кіраўнік групы АБСЭ гаворыць, што ў грамадзянскай супольнасьці Беларусі ёсьць дастаткова дзейных сілаў і структураў, зь якімі можна працаваць. Ён прапануе тры этапы гэтага супрацоўніцтва: стварэньне шырокай кааліцыі, падрыхтоўка сапраўды адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары 2006 году і арганізацыя назіраньня за выбарамі.
На пытаньне карэспандэнта “БГ”, ці будзе такая дзейнасьць Эўразьвязу легальнай, Ганс Георг Вік адказвае: “Легальна ці нелегальна – гэта адзінае выйсьце, якое мае Эўропа. Эўропа будзе вымушаная займацца Беларусьсю, бо гэта – яе новы сусед. Эўропа ня можа заключыць аніякага пагадненьня зь Беларусьсю, бо там няма дэмакратыі”. Дыплямат падкрэсьлівае, што кансультацыі трэба весьці за межамі краіны, бо як толькі нешта арганізоўваецца ўнутры Беларусі – адразу прыходзіць пракуратура і падатковая інспэкцыя і зачыняе праект.
Ганс Георг Вік адзначае, што Масква адзіная не дэманструе гатоўнасьці крытыкаваць Беларусь. “Я ня згодны з тымі, хто лічыць, што наконт дэмакратызацыі Беларусі трэба размаўляць з Расеяй, – заяўляе былы кіраўнік групы АБСЭ, – я лічу, што калі Эўропа мае сваё меркаваньне, яна павінна даводзіць яго да грамадзянскай супольнасьці, не пытаючыся пра меркаваньні Расеі”.
Гаворачы пра сілы ў Беларусі, якія маглі б ажыцьцяўляць такую стратэгію, Ганс Георг Вік называе палітычныя партыі, грамадзкія аб’яднаньні і прадстаўнікоў намэнклятуры, якія хочуць пераменаў. “Намэнклятура – моцны інструмэнт, і гэта выдатна ўсьведамляе Лукашэнка”, – падкрэсьлівае нямецкі дыплямат. Паводле яго, нездарма пасьля прэзыдэнцкіх выбараў былі адхіленыя ад пасадаў Міхаіл Мясьніковіч і Ўладзімер Ярмошын.
На пытаньне “Белорусской газеты”, ці ведае ён людзей з намэнклятуры, якія гатовыя яго падтрымаць, Ганс Георг Вік адказвае: “Так. І гэтыя людзі гатовыя актыўна выступіць у выпадку, калі адбудзецца рэальная кансалідацыя дэмакратычных сілаў”. Паводле былога кіраўніка групы АБСЭ, які называе сябе “чалавекам нумар адзін у адносінах зь Беларусьсю”, новая стратэгія, якую ён прапаноўвае, да ліпеня будзе аформленая ў афіцыйную палітыку Эўрвазьвязу.