Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЁСЬЦЬ У БЕЛАРУСІ ШАНЦЫ НА ПРАВЯДЗЕНЬНЕ Ў 2009 ГОДЗЕ ЧЭМПІЯНАТУ СЬВЕТУ ПА ХАКЕІ З ШАЙБАЙ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ці сапраўды ў Менску празь пяць гадоў могуць сабрацца найлепшыя хакейныя зборныя сьвету? У Міністэрстве спорту і турызму з асьцярожнасьцю камэнтуюць ідэю, пра якую сказаў учора Ўладзімер Навумаў, прэзыдэнт Беларускай фэдэрацыі хакею з шайбай. Прэсавы сакратар міністэрства Анатоль Арцем’еў паведаміў Радыё Свабода, што ідэя правядзеньня такога адказнага чэмпіянату пакуль ня ўзгодненая з кіраўніцтвам міністэрства і адпаведна яе рэалізацыя ня ўключаная ў міністэрскія пляны. На думку адмыслоўцаў, спатрэбіцца шмат часу і грошай, каб яе рэалізаваць, а галоўнае, не абысьціся без падтрымкі дзяржавы на самым высокім узроўні.

“Галоўная праблема палягае ў тым, што ў Беларусі няма спартовай арэны, якая б адпавядала патрабаваньням да Чэмпіянату сьвету. Такая арэна мусіць умяшчаць больш за 7 тысяч гледачоў, а менскі Палац спорту можа прыняць толькі 3 тысячы. Прыйдзецца выбіваць грошы і будаваць новы палац”, –– кажа спартовы дырэктар Беларускай фэдэрацыі хакею Ўладзімер Швабоўскі.

Ці рэальна ў блізкія гады пабудаваць у Менску новы лядовы палац міжнароднага ўзроўню ды падрыхтаваць усю належную інфраструктуру? Вядомы спартовы журналіст Уладзімер Беражкоў лічыць, што гэта магчыма, але перасьцерагае ад магчымых памылак. Ён згадвае досьвед Латвіі, якая праз два гады будзе прымаць у сябе Чэмпіянат сьвету па хакеі, але будаўніцтва вялікага лядовага палацу яшчэ не пачынала. Там спадзяваліся на замежных інвэстараў, якія падвялі і грошай не сабралі. Якраз учора на хакейным турніры ў Гомелі Ўладзімер Беражкоў кантактаваў з прадстаўнікамі латвійскай фэдэрацыі хакею і ведае іх настрой.

(Беражкоў: ) “У іх настрой яўна ўпадніцкі. Хутчэй за ўсё, яны будуць адмаўляцца ад свайго слова правесьці чэмпіянат, бо правесьці яго безь вялікай арэны немагчыма, а пабудаваць такую арэну яны не пасьпяваюць”.

Паводле Ўладзімера Беражкова, чэмпіянат сьвету будзе каштаваць прыкладна 30 мільёнаў даляраў, а яшчэ дзясяткі мільёнаў патрэбныя на будаўніцтва палаца. “Затое гэты палац застанецца і дапаможа Беларусі застацца ў ліку мацнейшых хакейных дзяржаваў сьвету”, — кажа Ўладзімер Беражкоў.

Дарэчы, яшчэ адна праблема, якую прыйдзецца пераадолець на шляху да чэмпіянату сьвету ў Менску, гэта задача вярнуцца ў лік 16 вядучых камандаў. Летась Беларусь саступіла сваё месца ў дывізіёне “А” зборнай Польшчы. Сёлета ў красавіку ў Осьлё беларуская каманда разам яшчэ з 5 прэтэндэнтамі будзе змагацца за права быць сярод мацнейшых. Спартыўны камэнтатар Уладзімер Навіцкі перакананы, што беларусы здольныя на гэта.

(Навіцкі: ) “Нам па сілах прайсьці. Там будзе каманда Нарвэгіі, зь якой мы заўсёды гуляем удала. І яшчэ чатыры нецяжкія каманды”.

Аптымізм журналіста адносна шанцаў беларусаў падзяляе і дзяржаўны трэнэр па хакеі Генадзь Сьцяпанаў. Паводле яго зьвестак, астатнія супернікі беларусаў — каманды Галяндыі, Вялікабрытаніі, Бэльгіі ды Вугоршчыны не мацнейшыя за нарвэжцаў. А вось што да правядзеньня Чэмпіянату ў сьвету ў Менску, тут Генадзь Сьцяпанаў больш стрыманы. Паводле яго, на права правесьці ўсясьветны хакейны чэмпіянат у 2009 годзе будуць прэтэндаваць прынамсі пяць-шэсьць краінаў, і яны будуць ацэньвацца паводле самых розных чыньнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG