Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭМАКРАТЫЧНАЯ МОЛАДЗЬ БЕЛАРУСІ СТВАРЫЛА ЎЛАСНЫ ПЕРАДВЫБАРЧЫ БЛЁК


Уладзімер Глод, Менск

Новы блёк, паводле ягонага кіраўніка Паўла Севярынца, – гэта аб’яднаньне асобаў, а не палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Усе яны выступаюць ад імя маладога пакаленьня і змагаюцца за свабоду, незалежнасьць і перамены ў Беларусі. На ўстаноўчым сходзе, які адбыўся ў нядзелю 11 студзеня, у аб’яднаньне ўвайшлі 27 асобаў. Але, як гавораць кіраўнікі блёку, на выбары ў Палату прадстаўнікоў яны хочуць вылучыць прыкладна 80 маладых кандыдатаў.

Адзін зь іх, дэпутат Мастоўскага райсавету Алесь Зарамбюк лічыць, што важкай падставай для стварэньня новага блёку стаў недавер да моладзі з боку старэйшых апазыцыйных палітыкаў:

(Зарамбюк: ) “Партыі, моцныя грамадзкія арганізацыі, увогуле сёньняшняя беларуская апазыцыя нас адмаўляе. Яна адмаўляе моладзь як будучых лідэраў, як будучых дзяржаўных кіраўнікоў. І ўвогуле на нас махаюць рукой, кажуць, што мы ні на што ня здольныя, нічога ня ведаем, у нас няма досьведу. Нам проста ўжо надакучыла слухаць размовы, байкі нашых старэйшых лідэраў, якія ўжо дзесяць год кажуць, што заўтра мы пераможам, дапамажыце нам, давайце, зрабіце, раскідайце ўлёткі, мабілізуйце моладзь на выбары, сагітуйце за Ганчарыка, сагітуйце за таго... Партыі паказалі, што ў іх няма моцнай сілы, я б сказаў, маладой сілы. Мы лічым, што наш блёк і будзе тая маладая сіла, тая новая кроў, якая сёньня патрэбна нашаму народу”.

На думку Паўла Севярынца, які таксама заявіў пра сваё жаданьне балятавацца ў Палату прадстаўнікоў, стварэньне новага аб’яднаньня — гэта бяспройгрышная акцыя:

(Севярынец: ) “Утварэньне маладзёвага блёку — моцны ход для беларускай дэмакратыі, для беларускага нацыянальнага руху ў любым выпадку. Перадусім таму, што пратэстны настрой, паводле ўсіх апытаньняў, цяпер у Беларусі складае 65–70%. Менавіта столькі людзей лічаць, што краіна рухаецца ў няправільным кірунку, што нам патрэбныя зьмены. Але пры гэтым рэйтынг апазыцыі толькі 15–20%, нават аб’яднанай апазыцыі. Можаце сабе ўявіць, што палова насельніцтва, якая хоча пераменаў, ня бачыць альтэрнатывы. І стварэньне маладзёвага блёку ёсьць спробай даць такую альтэрнатыву. Прычым, альтэрнатыву маладую, новую, якая яшчэ не заплямленая, не пагрузла ў нейкіх міжасабовых разборках і ня мае цяжару тых паразаў, якія несла беларуская апазыцыя апошнія гады”.

Такім чынам, дэмакратычныя сілы Беларусі цяпер маюць фактычна тры перадвыбарчыя блёкі: “Пяцёрка+”, Эўрапейская кааліцыя і “Маладая Беларусь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG