Незвычайны віцебскі атракцыён унікальны — прынамсі, у Беларусі. Ён адначасова нагадвае і скачкі з парашутам, і ўсясьветна вядомую сёньня забаву “bungee jumping”, калі аматары вострых уражаньняў скачуць з вышыні, прымацаваўшы да ног гумавыя канаты, каб пры канцы “палёту” гума замартызавала, не дазволіўшы чалавеку ўпасьці ў ваду або разьбіцца аб каменьне на дне прорвы.
Аматар вострых уражаньняў “па-віцебску” апранае адмысловае прыстасаваньне, вельмі падобнае да рыштунку парашутыстаў, толькі замест парашуту рызыканта трымае тоўсты канат. Ён замацаваны такім чынам, што “палёт”, які распачынаецца на парэнчах маста церазь Віцьбу, завяршаецца ўдалым прызямленьнем ужо на беразе рэчкі.
Атракцыён працуе ўсяго тры дні, але ахвотных скочыць набралася ўжо некалькі дзясяткаў, прычым кожны тлумачыць сваё экстрэмальнае жаданьне па-рознаму: нехта кажа, што ў ягоным жыцьці бракуе рызыкі, нехта хоча выпрабаваць сваю нэрвовую сыстэму, адна дзяўчына нават сказала, што гэты скачок для кагосьці можа стацца альтэрнатывай самагубству: маўляў, стаіш, як на даху “шматпавярхоўкі”, у думках з усімі разьвітваесься, скочыш — і можна пачынаць жыцьцё спачатку!
Дарэчы, менавіта ў дзяўчат гадоў 20–25 гэты атракцыён найбольш папулярны. Гэтае назіраньне належыць вынаходніку незвычайнае забавы Вячаславу Міраненку. Ён былы вайсковец, ваяваў у Афганістане, а сёньня ягоная праца — гэта прамысловы альпінізм, будаўнічыя ды мантажныя працы на вышыні. Яшчэ спадар Міраненка інструктар у горным турызьме ды падводным плаваньні.
Ідэю наладзіць у Віцебску платны экстрэмальны атракцыён Вячаслаў Міраненка прапанаваў турыстычнай фірме “Ніка-тур”. Інiцыятыва была ўхваленая, і цяпер у віцяблянаў ёсьць усе магчымасьці паспытаць вострых уражаньняў на мосьце імя 1000-годзьдзя Віцебску усяго за 3 тысячы рублёў. Гэта вельмі танна для падобнае забавы: ня кажучы ўжо пра Новую Зэляндыю, дзе нарадзіўся вядомы “bungee jumping”, нават ва Ўкраіне, у горадзе Камянец-Падольскім скачок з мосту вышынёй 70 мэтраў каштуе каля 40 даляраў.
У пэрспэктыве Вячаслаў Міраненка мяркуе зрабіць дзеля віцяблянаў яшчэ адзін экстрэмальны атракцыён, але ўжо больш дарагі: за тры тысячы расейскіх рублёў ахвотныя змогуць зьдзейсьніць скачок з парашутам з паветранага шару на вышыні 4 кілямэтры. За дадатковую плату скачок будзе зьняты на відэастужку.
Аднак дзеля справядлівасьці варта зазначыць, што атракцыёны спадара Міраненкі ёсьць хаця й адмысловым, аднак ужо ня першым досьведам экстрэмальных забаваў на Віцебшчыне. Запачаткавалі іх на Глыбоччыне, дзе ў мінулым годзе некалькі месяцаў праходзілі экстрэмальныя жаночыя спаборніцтвы “Апошняя гераіня”. Крыніцай натхненьня дзеля іхных арганізатараў, якімі ёсьць грамадзкі клюб “Выспа паразуменьня”, стала вядомая забаўляльная праграма расейскага тэлебачаньня. Удзельніцы мусілі скакаць на кані, даваць нырца ў палонку ды ўзьнімацца па пажарнай лесьвіцы на вышыню чацьвертага паверху.
Цяпер на Глыбоччыне праходзіць экстрэмальны маратон “Мужчынскія гульні”, падчас якога ўдзельнікі пераходзілі ўброд рэчку пад дажджом ды сьнегам.
“Экстрым” аказаўся настолькі захапляльны, што ўвесну да ўдзелу ў падобных спаборніцтвах глыбачане запрасілі каманды аматараў зь Лiтвы ды Латвіі. Так што Віцебшчына неўзабаве можа стацца міжнароднай экстрэмальнай турыстычнай зонай.