Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 12 СТУДЗЕНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Советская Белоруссия”, 1964 год:

“Будаўнікі БУ-36 трэсту №9 скончылі ўзьвядзеньне будынку Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа ў г. Віцебску. Глядзельная заля тут разьлічаная на 800 месцаў. Сцэна мэханізаваная. Маюцца рэпэтыцыйная і жывапісная залі, рабочыя памяшканьні для артыстаў. Спэцыяльныя памяшканьні выдзеленыя для тэлебачаньня, мясцовага радыёвузлу і аўтаматычнай тэлефоннай станцыі. Глядзельная заля паўкруглай формы. Сядзеньні мяккія, блакітнага колеру. Амаль усё памяшканьне асьветленае лямпамі дзённага сьвятла. Міне няшмат часу, і ў коласаўцаў адбудуцца ўлазіны”.

“ЛіМ”, 1984 год. А.Грыцкевіч пра кнігу “Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга” А.Клышкі:

“Аўтар кнігі памыляецца, калі лічыць, што Ф.Скарына ўмеў гаварыць па-літоўску (с.102). У гэты час, як і ў ранейшыя, у Вялікім Княстве Літоўскім афіцыйнай мовай была старажытнабеларуская, яе ведалі, і на ёй пісалі нават у літоўскіх паветах дзяржавы і ў літоўскіх гарадах. Ягайла, як сьведчыць львоўскі гісторык А.Петрушэвіч, размаўляў толькі па-беларуску, гэтай мовай карысталіся астатнія вялікія князі з дынастыі Ягелонаў, літоўскія фэадалы”.

“Свабода”, 1994 год:

“У суботу, 15 студзеня, а 10-й гадзіне раніцы ў аэрапорце “Менск-2” прызямліцца “Boeing” амэрыканскага прэзыдэнта. Плянуецца, што Біл Клінтан прабудзе ў Менску шэсьць гадзінаў. Адразу з аэрапорта Гілары і Біл Клінтаны з дачкой у суправаджэньні Ірыны і Станіслава Шушкевічаў паедуць у Курапаты, дзе амэрыканскага прэзыдэнта будзе сустракаць Зянон Пазьняк… Нашую намэнклятуру зусім ня ўзрадваў такі “бэнээфаўскі” пачатак візыту. Настолькі ня ўзрадаваў, што 11 студзеня на пасяджэньні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету яны раіліся, як бы гэта пераканаць амэрыканцаў, каб Біл Клінтан заехаў у Курапаты не адразу, а на зваротным шляху, па дарозе ў аэрапорт (а там, глядзіш, часу хапаць ня будзе — дык можа й зусім міне). Аднак гэтыя захады зьмяніць праграму, па нашых зьвестках, посьпеху ня мелі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG