12 студзеня – дзьве немалаважныя даты ў гісторыі беларускай сталіцы. Менавіта ў гэткі дзень у 1591 годзе Менск атрымаў свой гарадзкі герб: у блакітным полі – ушэсьце Дзевы Марыі. А 12 студзеня 1895 году ў Менску была адкрытая першая электрастанцыя. Яна знаходзілася на правым беразе Сьвіслачы, побач зь цяперашнім будынкам Дзяржаўнага цырку. Станцыя сілкавала электрычнасьцю амаль чатырыста лямпачак, палова зь якіх была ў вулічных ліхтарах.
12 студзеня 1628 году нарадзіўся Шарль Пэро, францускі казачнік, які прыдумаў Папялушку, Сонную прыгажуню, Ката ў ботах ды іншых, вядомых усім зь дзяцінства пэрсанажаў. У жыцьці стваральнік гэтых фантастычных вобразаў меў зусім ня казачную прафэсію – ён працаваў у Парыжы адвакатам. Ды й самі вобразы выходзілі ў яго не зусім дзіцячыя. Гэта да нас яны дайшлі ў такім выглядзе, дзякуючы перакладам і адаптацыям. Напрыклад, у арыгінале ў канцы казкі пра Чырвоны Каптурок няма нiякiх выратавальнiкаў-паляўнiчых, а ўсё абрываецца фразай: “I з гэтымi словамi злы Воўк кiнуўся на Чырвонага Каптурка i зьеў дзяўчынку“.
12 студзеня ў розныя гады прыйшлі на сьвет амэрыканскі пісьменьнік Джэк Лёндан; польская мовазнаўца Антаніна Абрэмбская-Яблонская, якая склала “Падручны польска-беларускі слоўнік“; паэт Міхась Калачынскі; заснавальнік “Песьняроў”, народны артыст Беларусі Ўладзімер Мулявін і культавы японскі пісьменьнік Харукі Муракамі.
Сёньня спаўняецца 75 гадоў беларускаму крытыку і літаратуразнаўцу Зьмітру Бугаёву. Родам ён зь вёскі Сычык Крычаўскага раёну. Працуе прафэсарам у БДУ. Напісаў кнігі пра Максіма Гарэцкага, Максіма Танка, Васіля Быкава ды шмат іншых літаратараў. За адну з такіх кніг Зьміцер Бугаёў атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Якуба Коласа.
А яшчэ 12 студзеня прыйшлі на сьвет два кіраўнікі і ідэалягі гітлераўскага Райху, ваенныя злачынцы Герман Герынг і Альфрэд Розэнбэрг.
12 студзеня 1976 году пакінула гэты сьвет Агата Крысты, славутая ангельская пісьменьніца, аўтарка дэтэктываў.