На зборны пункт з розных куткоў рэгіёну і сёньня сабралі больш як паўтары сотні маладых хлапцоў. Многія з апытаных гатовыя праходзіць тэрміновую службу. Іншыя проста ня ведаюць, што паводле закону пра вайсковы абавязак у Беларусі ўжо ўведзеная служба ў рэзэрве, што, хаця палажэньне і не прынятае, але даўно вядуцца размовы пра альтэрнатыўную службу. Больш дасьведчаныя прызыўнікі маюць свае меркаваньні:
(Прызыўнік: ) “Нармалёвая служба ў рэзэрве. Калі чалавек вучыцца, то гэту службу я ўхваляю”.
(Прызыўнік: ) “Да службы ў рэзэрве я стаўлюся нармалёва, таму што ў людзей будзе выбар: альбо служыць паўтара году ў войску, альбо знаходзіцца дома і проста зьбірацца на зборы”.
(Прызыўнік: ) “Я хацеў бы служыць у рэзэрве, каб недалёка ад дому. Тры тыдні паслужыць — гэта няшмат”.
Адрозна ад моладзі, шэраг бацькоў трымаецца кансэрватыўных поглядаў на службу. Праўда, ня ўсе. Паслухаем меркаваньні бацькоў:
(Маці: ) “Я адпраўляю сына. Я катэгарычна супраць, каб яны служылі ў рэзэрве і альтэрнатыўна, таму што ніякага вопыту і навыкаў гэта ня дасьць. Каб быць нармальнымі абаронцамі й абараняць, трэба хаця бы год паслужыць. Я ня думаю, што на Беларусь будуць нападаць, але падрыхтаванымі трэба быць да ўсяго”.
(Бацька: ) “Па-мойму, няхай служаць тэрміновую службу, як і служылі раней. Чаго ён будзе туды-сюды матляцца, перабіваць — дома пабудзе, на службе пабудзе? Я лічу, што няхай лепей служыць тэрміновую службу”.
(Маці: ) “Няхай ідзе і служыць. Што-небудзь гэта дасьць. Што людзям, тое і яму”.
(Бацька: ) “Я лічу, што служба нікому лёсу, здароўя і ўсяго астатняга не зламала. Я так думаю. Калі дзедаўшчыны ня будзе, ня будзе і парадку”.
(Маці: ) “Калі была б альтэрнатыва, магчыма, было бы лепей, чым празь сілу прымушаць. Ішлі бы па свайму жаданьню, не празь сілу. Будзе зусім іншае разуменьне, зусім іншае стаўленьне да службы”.