У цэнтры ўвагі дасьследаваньня Эўракамісіі будзе лёс беларускіх незалежных прафсаюзаў.
Прэсавы сакратар Эўракамісіі Аранча Гансалес паведаміла:
(Гансалес: ) “Мы сёньня вырашылі пачаць дасьледаваньне наконт невыкананьня Беларусьсю асноўных прафсаюзных правоў, найперш абмежаваньня прафсаюзнай дзейнасьці, нерэгістрацыі і ўціску на прафсаюзных лідэраў”.
Паводле Гансалес, вывучэньне гэтага пытаньня будзе доўжыцца шэсьць месяцаў. Калі абвінавачаньні будуць пацьверджаныя, Беларусь можа страціць усе выгоды, зьвязаныя з сяброўствам у гэтак званай Агульнай сыстэме прэфэрэнцыяў. Сыстэма, якая ўключае 178 краінаў, дае магчымасьць увозіць тавары ў Эўразьвяз па зьніжаных мытных тарыфах альбо зусім бяз мытаў. Эўразьвяз можа адмяніць гэтыя прывілеі, калі краіна ня здолела прытрымлівацца пэўных правілаў у сфэры правоў прафсаюзаў і сацыяльных стандартаў. Праўда, гэткі жорсткі крок пакуль быў зроблены толькі аднойчы – сем гадоў таму Эўразьвяз адмяніў прывілеі для М’янмы (былая Бірма) за выкарыстаньне дзіцячай працы.
Паводле Гансалес, пачатак афіцыйнага расьсьледаваньня ў дачыненьні да Беларусі ёсьць часткай агульнай палітыкі Эўразьвязу надаваць гандлёвыя прэфэрэнцыі толькі тым краінам, якія паважаюць міжнародна прызнаныя правы і стандарты працы.
Гансалес таксама паведаміла, што аб’ём гадавога імпарту беларускіх тавараў у Эўразьвяз складае 857 мільёнаў эўра. Зь іх 190 мільёнаў прыпадае на гандаль з прэфэрэнцыямі, у асноўным гэта тэкстыль. Калі Беларусь будзе пазбаўлена гэтых прэфэрэнцыяў, яна страціць каля ста мільёнаў эўра.
Праблема мае сваю перадгісторыю. Пасьля адпаведнага звароту беларускіх прафсаюзаў тры міжнародныя прафсаюзныя фэдэрацыі летась у студзені ў адмысловым лісьце да Паскаля Ламы, камісара Эўразьвязу, сьцьвярджалі, што ў Беларусі “сыстэматычна чыняцца перашкоды законнай рэгістрацыі свабодных прафсаюзаў, уціскаюцца прафсаюзыя лідэры і актывісты”. І толькі праз год пасьля гэтага запыту Эўразьвяз пачаў афіцыйнае дасьследаваньне.
“Гэты крок адлюстроўвае доўгатэрміновую эўрапейскую занепакоенасьць рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, які дагэтуль не дазваляе Беларусі пайсьці шляхам рэформаў” – піша сёньняшняя “Financial Times”. Эўракамісія назвала Беларусь “апошняй дыктатурай у Эўропе”, адзначыўшы наступ на прэсу, парушэньні падчас выбараў і ціск ураду на апазыцыю.
Джэймс Говард, дырэктар аддзелу міжнародных працоўных стандартаў Міжнароднай канфэдэрацыі Свабодных прафсаюзаў, адной з тых арганізацыяў, якая даслала скаргу на дзеяньні беларускіх уладаў, кажа: “Улічваючы, што экспарт Беларусі ў Эўропу ўключае такія тавары, як тэкстыль, што вельмі залежаць ад тарыфаў, экспарт Беларусі можа вельмі істотна пацярпець. Аднак ідэальны сцэнар, які мы б жадалі пабачыць – каб беларускае кіраўніцтва прызнала правы прафсаюзаў замест атрыманьня санкцыяў”.