Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЗЫЧАНЫЯ ВАКАЦЫІ

Ганна Соусь, Менск

Як ацэньваюць самі беларусы сямідзённыя калядныя вакацыі? Стоячы сёньня на Кастрычніцкай плошчы, дзе з 1 па 7 студзеня адбываліся асноўныя сьвяточныя імпрэзы, я пацікавілася меркаваньнямі менчукоў на гэты конт.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, як вы ацэньваеце гэтыя сем выходных дзён запар?”

(Спадар: ) “Мне гэта надакучыла. Не прызвычаіўся я адпачываць гэтак шмат”.

(Спадарыня: ) “Мне падаецца, гэта зашмат, таму што дрэнна для мужыкоў. Потым ім вельмі цяжка”.

(Спадар: ) “Я працую ў камэрцыйнай структуры, таму магу сказаць, што вельмі нязручна гэта было. У бюджэтнікаў свой расклад, а ў камэрсантаў свой, і было трохі нязручна. А так нічога дрэннага. Людзі мелі магчымасьць адпачыць, праветрыцца й гэтак далей”.

(Спадарыня: ) “Думаю, што цяжка перажыць гэтыя дні з нашымі заробкамі”.

(Спадар: ) “Я іх не адчуў. Сёньня іду на іспыт”.

(Спадар: ) “А які сэнс быў працаваць гэтыя сем дзён, адчыняць установы, калі ўсе людзі былі не гатовыя для працы?”

(Спадарыня: ) “Шмат адразу, але ж потым адпрацоўваць трэба. Лепш па частках”.

(Спадарыня: ) “Вельмі добра. Мы свайго бацьку падтрымліваем. І ўсё, што ён робіць, робіць для нас, а не для Захаду”.

(Спадарыня: ) “У нас была сэсія, таму нам было не да гэтага, але мне здаецца, што гэта вельмі добрая практыка, калі так робяць”.

(Спадарыня: ) “Не магу сказаць за беларусаў. Я расейка. Мы ўсе працуем, а ў вас гуляюць. Дай Бог…”

Дарэчы, у Расеі людзі працавалі 5 і 6 студзеня, а вось сёньня, на праваслаўныя Каляды, маюць выходны дзень. У суседняй Украіне былі гэткія ж працяглыя калядныя вакацыі, як і ў Беларусі — з 1 па 7 студзеня. А вось у Польшчы і Літве выходнымі былі толькі першы й другі дзень каталіцкіх Калядаў 25 і 26 сьнежня, а таксама 1 студзеня. Дарэчы, летась у Літве набыў сілу заканадаўчы акт, у адпаведнасьці зь якім забаронена пераносіць сьвяточныя й выходныя дні.

Каму давялося папрацаваць падчас калядных вакацыяў, дык гэта лекарам. Як паведаміў Радыё Свабода намесьнік галоўнага лекара Менскага шпіталю хуткай дапамогі Ігар Шыманскі, за шэсьць дзён калядных вакацыяў шпіталізаваны 81 чалавек зь пераломамі й апёкамі. За гэты ж тэрмін у шпіталь паклалі 529 хворых хірургічнага і кардыялягічнага профілю. Ігар Шыманскі адзначае, што сёлета было значна менш пацярпелых ад выбуху пэтардаў — толькі два пацыенты ў параўнаньні зь леташнімі некалькімі дзясяткамі. З прычыны маразоў пачалі паступаць і хворыя з абмаражэньнямі. Некалькі дзён таму ў шпіталь паклалі 4-гадовага хлопчыка з абмаражэньнямі 1-й ступені.

Намесьнік галоўнага лекара шпіталю хуткай дапамогі Ігар Шыманскі распавядае для Радыё Свабода пра найбольш распаўсюджаныя хваробы, якія ўзьнікаюць у людзей пасьля працяглага сьвяткаваньня:

(Шыманскі: ) “Звычайна пасьля сьвятаў, ужываньня алькаголю, разнастайных страваў, якія гатуюць на сьвяты, адбываецца рост захворваньняў на панкрэатыт, запаленьне падстраўнікавай залозы, абвастраецца халецыстыт. Гэта адбываецца звычайна праз тыдзень пасьля сьвятаў. Асабліва гэта будзе заўважна пасьля заканчэньня каляднага паста. Хаця й цяпер пасьля 31 сьнежня ўжо 30 чалавек паступіла да нас з калькулёзным халецыстытам. Калі людзі не працуюць, а вось як цяпер сямідзённыя калядныя вакацыі, то некаторыя ад лайдацтва пачынаюць займацца абы-чым. Таму што адзін дзень папілі, другі, трэці… Да таго ж пачынаюць высьвятляць адносіны, адзін аднаму не спадабаўся…”

Ад расповеду намесьніка галоўнага лекара шпіталю хуткай дапамогі Ігара Шыманскага пераходжу на крымінальных наступстваў працяглых вакацыяў. Як вынікае зь міліцэйскіх зводак, разьмешчаных на сайце Міністэрства ўнутраных справаў, большасьць злачынстваў на калядныя вакацыі адбывалася, гаворачы мовай міліцэйскіх пратаколаў, пасьля сумеснага расьпіцьця сьпіртовых напояў. Прыкладам, у Менску 1 студзеня п’яны сын забіў уласную маці, у Сьвіслачы сын жорстка зьбіў маці. А ў Шклове ў выніку п’янай бойкі зяць забіў свайго цесьця. І такіх выпадкаў багата. Больш падрабязна пра тое, як прайшлі калядныя вакацыі на Магілёўшчыне, у тым ліку і пра іх крымінальны бок, распавядзе нашая карэспандэнтка Марыя Ўсьціновіч.

(Усьціновіч: ) “У навагоднюю ноч у Магілёве адбылося надзвычайнае здарэньне, у выніку якога пацярпелі людзі. Празь некалькі гадзінаў пасьля наступленьня новага году два маладыя чалавекі (20 і 30 гадоў) выйшлі ў краму за цыгарэтамі. Паводле апэратыўнай інфармацыі, яны ўзброіліся нажамі і літаральна за дзесяць хвілінаў шпацыру паранілі пяць чалавек: адзін з ахвяраў нападу памёр, чацьвёра знаходзяцца ў шпіталі. Вінаватых затрымалі. Выявілася, што адзін зь іх знаходзіцца на ўліку як наркаман. Маладыя людзі тлумачаць свае дзеяньні ўражаньнем, што нібыта сустрэчныя людзі мелі намер накінуцца на іх, а яны, маўляў, бараніліся. Забойствы ў навагоднюю ноч адбыліся таксама ў раённых цэнтрах Асіповічы і Касьцюковічы.

У два першыя дні новага году на дарогах Магілёўскай вобласьці ў аўтамабільных аварыях загінулі два чалавекі і параненыя сямёра. Зразумела, што не апошнюю ролю ў трагедыях і няшчасных выпадках адыгралі сьпіртовыя напоі, якія ўжываліся ў прыстойнай колькасьці ўвесь сьвяточны тыдзень. Да прыкладу, 2 студзеня ў раёне вёскі Пудаўня Дрыбінскага раёну аўтобус наехаў на мужчыну, які ляжаў непрытомны проста на дарозе”.

Пра тое, як прайшлі калядныя вакацыі на Віцебшчыне, распавядзе Браніслава Станкевіч:

(Cтанкевіч: ) “Калядныя вакацыі завершыліся сёньня разам з адмысловай апэрацыяй віцебскіх міліцыянтаў, якую асобныя дасьціпнікі зь іх назвалі “З Новым годам!” Яна пачалася яшчэ 17 сьнежня, калі ўвесь асабовы склад абласной міліцыі мусіў перайсьці на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы. Аднак, паводле словаў кіраўніка міліцэйскае прэсавае службы Анатоля Ціхана, мінулы тыдзень прайшоў досыць спакойна. Спадар Ціхан нават пажартаваў: маўляў, злачынцы таксама пайшлі на вакацыі, а таму выпадкаў парушэньня законнасьці было зафіксавана няшмат: усяго ад 15 да 20 кожныя сьвяточныя суткі. У звычайныя дні колькасьць зваротаў у міліцыю сягае на Віцебшчыне за сотню…

Але ж “сьвяточная злачыннасьць” мела адмысловы характар: апошнімі днямі пераважалі бойкі, рабаўніцтвы ды аварыі з удзелам нецьвярозых кіроўцаў. У першыя ж суткі новага году ў гарадзкі траўматалягічны пункт трапілі 78 чалавек, а ў гарадзкім выцьвярэзьніку пабывалі гэтым часам 98 віцяблянаў.

Як засьведчылі супрацоўнікі віцебскага гідрамэтэацэнтру, за гэтыя два дні ападкі перавысілі месячную норму. Апошні раз падобнае здарылася ў 1969 годзе, і камунальныя службы, адпусьціўшы сваіх супрацоўнікаў на тыя самыя калядныя вакацыі, аказаліся цалкам не падрыхтаваныя да прыроднага сюрпрызу. Давялося выклікаць людзей на працу ды часова адмяняць аўтобусныя рэйсы.

Некаторым жыхарам вобласьці пашанцавала яшчэ меней: каля дзьвюх соцень вёсак у Віцебскім, Дубровенскім, Аршанскім ды Гарадоцкім раёнах заставаліся цягам сутак без электрычнага забесьпячэньня, бо моцнага сьнегападу ня вытрымалі электрычныя драты. Высілкамі супрацоўнікаў МНС аварыйная сытуацыя была ліквідаваная толькі да раніцы 5 студзеня.

Пры канцы тыднёвых вакацыяў супрацоўнікі міліцыі адзначылі яшчэ адну рысу “каляднае злачыннасьці”: у крамах Віцебску ды раённых цэнтраў былі затрыманыя некалькі ўладальнікаў падробленых грашовых купюраў. На думку міліцыянтаў, гэта сьведчыць пра тое, што грошы ў людзей скончыліся, і вакацыі неабходна завяршаць”.

Адметна, што напярэдадні каталіцкіх Калядаў і Навага году ў Беларусі адмыслова да сьвятаў былі зьніжаныя кошты на сьпіртовыя напоі. Пакуль складана падлічыць, які эканамічны эфэкт мела гэтая мера. Што да іншых эканамічных наступстваў сямідзённых вакацыяў, то, паводле эканаміста Яраслава Раманчука, яны дрэнна адбіліся на працы прадпрыемстваў. Калі, прыкладам, Менскі завод шампанскіх вінаў няспынна працаваў ад 2 студзеня, то амаль усе іншыя прадпрыемствы прастойвалі.

(Раманчук: ) “Нэгатыў такіх доўгіх сьвятаў у тым, што магчымасьці тых людзей, якія хацелі працаваць, былі значна паменшаныя. Напрыклад, немагчыма было зрабіць нейкі банкаўскі плацёж. А ў многіх кампаніяў, камэрцыйных структураў ёсьць абавязкі ў дачыненьні да сваіх крэдытораў, да сваіх пастаўцоў, і вось яны не маглі атрымаць грошай увесь гэты час. І больш за тое. Калі потым мы будзем мець тры працоўныя суботы ў студзені, то гэта таксама будзе адбівацца на тым рытме, які выцякае з попыту на прадукцыю тых ці ншых прадпрыемстваў. Я лічу, што замест таго, каб рабіць такія Каляды, урад павінен быў апытаць розныя інстытуцыі, розныя галіны гаспадаркі, каб упэўніцца, ці будзе гэта для іх добра”, — мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук.

Што да эмацыйнага боку працяглага сьвяткаваньня, то псыхоляг Вольга Андрээва адзначае тут наступныя моманты:

(Андрэева: ) “Калядныя вакацыі — гэта добрая практыка, правераная часам. У большасьці эўрапейскіх краінаў людзі маюць гэткі зімовы міні-адпачынак. Як яго можна было разумна выкарыстаць? Перш за ўсё для стасункаў з роднымі і сябрамі. Гэта эмацыйны бок, і ён ёсьць асноўным у гэтым сьвяце. Увогуле Новы год і Каляды — гэта сьвяты, афарбаваныя пазытыўным настроем і чаканьнем цудаў. Асноўная небясьпека палягае ў традыцыйным спосабе сьвяткаваньня — злоўжываньні сьпіртовымі напоямі й ежай, пасьля чаго арганізму патрэбен дадатковы адпачынак, гэтым разам здаровы. І асноўная праблема — гэта ўтрымацца і ня выпіць і ня зьесьці лішняга, каб не балела пячонка й галава. Іншая справа, што за доўгія вакацыі мы ўсе дорага плацім рабочымі суботамі, таму ўсё роўна атрымліваецца, што гэта не падарунак, а пазычаныя вакацыі”.

І сапраўды, пасьля працяглых калядных вакацыяў беларусам давядзецца працаваць тры суботы запар — 10, 17 і 24 студзеня.
XS
SM
MD
LG