У прыватнасьці, Алег Волчак лічыць, што пракуратура Беларусі мусіла аб’яднаць справу Юрыя Захаранкі са справай Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Аб’яднаньне абавязкова робіцца, калі справы падобныя паводле прыкметаў і як падазраваныя фігуруюць адны і тыя ж асобы.
(Волчак: ) “Почырк злачынцаў аднолькавы, падазроныя адныя і тыя ж, таму лягчэй было бы расьсьледаваць, калі справы аб’яднаць. Але калі б яны аб’ядналі справы, то пацьвердзілі б, што сапраўды ёсьць нейкая адмысловая група ў гэтых органах”.
Алег Волчак раіць Хрыстасу Пургурыдэсу зьвярнуць дадатковую ўвагу таксама на паказаньні былога сьледчага пракуратуры Зьмітра Петрушкевіча, які да 2000 году ўдзельнічаў у расьсьледаваньні справаў зьніклых палітыкаў, а пасьля эміграваў у ЗША, хаваючыся, як ён сьцьвярджаў, ад перасьледу беларускіх спэцслужбаў. Зьміцер Петрушкевіч, паказаньні якога Алег Волчак задакумэнтаваў, калі сустракаўся зь ім у ЗША, заяўляў пра шэраг вельмі істотных момантаў. Прыкладам, ён сьцьвярджаў, што сьледзтва гэтак і не праверыла магчымай датычнасьці да зьнікненьняў былых падначаленых Паўлічэнкі СОБРаўцаў Мікіянца, Мяцельскага ды яшчэ чатырох чалавек, на якіх указалі пэўныя крыніцы.
Паводле Петрушкевіча, са справы зьнік пратакол допыту камандзіра СОБРу Паўлічэнкі, якога дапыталі адразу пасьля затрыманьня. Таксама былы супрацоўнік пракуратуры Петрушкевіч пацьвердзіў, што падчас вобшуку ў Паўлічэнкі былі знойдзеныя відэакасэты, на якіх нібыта былі запісаныя катаваньні і забойствы ахвяраў “эскадрону сьмерці” пад кіраўніцтвам Паўлічэнкі, але потым гэтыя касэты зьніклі. Паводле Алега Волчака, Петрушкевіч адзначае, што гэтае ды іншыя зьнікненьні доказаў са справаў адбыліся пасьля таго, як пракуратуру Беларусі ўзначаліў Віктар Шэйман. А калі Шэйман яшчэ кіраваў Саветам бясьпекі, туды з пракуратуры на пэўны час нібыта забіраліся ўсе справы зьніклых, сьцьвярджае Петрушкевіч.
Алег Волчак адзначае яшчэ адну асаблівасьць справаў зьніклых. Ён згадвае пра справу супрацоўніка Міністэрства культуры Грачова, якога паводле сьледзтва выкрадалі тыя ж СОБРаўцы, якія падазраюцца ў датычнасьці да зьнікненьня Захаранкі і Ганчара з Красоўскім. Паводле Алега Волчака, з гледзішча сабраных доказаў справа Грачова была найбольш пэрспэктыўная, аднак яе чамусьці закрылі, гэтак і не давёўшы да суду.
У выніковай частцы свайго ліста Хрыстасу Пургурыдэсу былы сьледчы Алег Волчак падтрымлівае прапанову дамагацца стварэньня ў Беларусі парлямэнцкай камісіі паводле справаў зьніклых, але ўключна са сваякамі зьніклых. Таксама Алег Волчак выказваецца за тое, каб патрабаваць ад беларускіх уладаў для сваякоў зьніклых інфармацыі пра тое, што зроблена афіцыйным расьсьледаваньнем.