Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАКУРАТУРА АБВІНАВАЧВАЕ РАБОЧАГА БОБРСКАГА СЬПІРТЗАВОДУ Ў ЗАМАХУ НА ЖЫЦЬЦЁ ДЫРЭКТАРА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Уладзімер Карпека і Тамаз Гаргадзэ па-ранейшаму знаходзяцца ў аддзяленьні хірургііі Крупскага раённага шпіталю. Лекары гавораць, што стан іх здароўя здавальняючы, апёкі не пагражаюць жыцьцю й здароўю. Раённыя ўлады абмежавалі доступ наведнікаў да дырэктара сьпіртзаводу — трапіць у яго камфортную палату можна толькі з дазволу галоўнага лекара.

Тым часам крупская пракуратура распачала супраць Уладзімера Карпекі крымінальную справу. Ягоны ўчынак кваліфікаваны як замах на забойства. Пракурор Іван Дашук лічыць, што Карпека прыйшоў 30 сьнежня ў кабінэт дырэктара сьпіртзаводу зь цьвёрдым намерам падпаліць Гаргадзэ. Уладзімер Карпека сьцьвярджае, што гэта ня так:

(Карпека: ) “Не далі грошай. Абяцалі цалкам разьлічыць — прыйшоў, даюць толькі 100 тысяч. Я зайшоў да яго ў кабінэт кажу: “Міхалыч, ты абяцаў аддаць грошы”. А ён: “Скажы дзякуй, што гэтыя даю. Інакш зусім нічога не атрымаеш”. А ў мяне ўжо такая сытуацыя, што кажу: “Зараз абалью сябе бэнзынам і падпалю”. А ён: “Рабі, што хочаш”. Ну, я выскачыў, схапіў бутэльку бэнзыну, забег да яго ў кабінэт, абліў сябе. Пакуль даставаў з кішэні запальнічку, ён падбег і пачаў вырываць у мяне бэнзын. Мы зь ім з гэтай бутэлькі й абліліся. Ён мяне адштурхнуў, і я, падаючы, націснуў на гузік запальнічкі — і загарэліся. Яго я ня думаў паліць. Патрэбны ён мне”.

Адміністрацыя сьпіртзаводу павінна выплаціць спадару Карпеку каля 3 мільёнаў рублёў — гэта зарплата за цэлы год.Рабочы гаворыць, што ніхто яму афіцыйна пра заведзеную справу не паведамляў. У пракуратуры казаць пра тое, як вядзецца расьсьледаваньне і ці будзе Ўладзімер Карпека арыштаваны, адмаўляюцца. А старшыня Крупскага райвыканкаму Аляксей Гарнак увогуле раіць журналістам не цікавіцца гэтай, на яго думку, звычайнай крымінальнай справай.

Уладзімер Карпека будзе знаходзіцца ў шпіталі яшчэ каля двух тыдняў. Ён пакуль ня ведае, што будзе рабіць і як абараняцца, але пра свой учынак не шкадуе:

(Карпека: ) “Не шкадую. Трэба ж было неяк расьсекчы гэтую нездаровую сытуацыю. А што рабіць, пакуль ня ведаю. Будзе відаць. Пасадзяць — буду сядзець, не пасадзяць — буду працаваць. Жыць жа неяк трэба”.

Вядомы мастак Алесь Пушкін, які жыве ў Бабры, зьбіраецца ўсяляк дапамагаць Уладзімеру Карпеку:

(Пушкін: ) “Калі справа дойдзе да суду, то я зьбіраюся папрасіць праваабарончыя цэнтры аказаць яму кваліфікаваную юрыдычную дапамогу. І сам буду прысутнічаць на працэсе”.

За замах на забойства Ўладзімеру Карпеку пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG