Ці атрымаў дэпутат адказ беларускіх уладаў? Вось як адказаў на гэтае пытаньне сам спадар Пургурыдэс:
(Пургурыдэс: ) “Не. Да сёньняшняга дня — не”.
З улікам таго, што ўвесь першы тыдзень студзеня ў Беларусі быў непрацоўны, а 7 студзеня — праваслаўныя Каляды, ці спадзяецца Хрыстас Пургурыдэс пабачыць хоць нейкую рэакцыю беларускіх кіраўнікоў на свой мэмарандум? Ён заявіў даволі катэгарычна:
(Пургурыдэс: ) “Калі праваслаўныя Каляды выпалі на гэты тыдзень, яны мусілі імкнуцца даць адказ да гэтага!”
Я нагадаў спадару Пургурыдэсу, што беларускае Міністэрства замежных справаў атрымала ягоны папярэдні мэмарандум і заявіла, што перадало гэты дакумэнт у парлямэнт Беларусі. Вось як пракамэнтаваў гэтае паведамленьне аўтар мэмарандуму:
(Пургурыдэс: ) “Парлямэнт ня мае нічога супольнага з гэтым, відавочна! Што парлямэнт можа сказаць наконт гэтага?! Гэта жарт — казаць “Мы накіравалі яго ў парлямэнт”.
Я распавёў спадару Пургурыдэсу, што прэсавы сакратар Пракуратуры Беларусі Юры Азаронак заявіў пра мажлівую рэакцыю генпракурора Віктара Шэймана: “Я ня думаю, што такі салідны чалавек, як Віктар Уладзімеравіч, будзе камэнтаваць заявы Пургурыдэса, які пабыў тры дні ў рэспубліцы, вынес абвінаваўчае заключэньне ды пакаціў”. Пачуўшы гэтую цытату, Хрыстас Пургурыдэс засьмяяўся:
(Пургурыдэс: ) “Ну, гэта вельмі цікава, сапраўды. Але я пачакаю да канца тэрміну — калі не атрымаю адказу ад уладаў у Беларусі, то буду працягваць працэдуру афармленьня канчатковай справаздачы перад пленарным камітэтам”.
Хрыстас Пургурыдэс дадаў, што гэты камітэт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы будзе разглядаць канчатковы варыянт ягонай справаздачы пра справы зьніклых у Беларусі ўжо ў студзені, а ўся ПАРЭ зможа абмеркаваць сытуацыю на сваёй сэсіі ў красавіку. На думку спадара Пургурыдэса, ягоныя даволі жорсткія прапановы патрабаваць адстаўкі генпракурора Віктара Шэймана, незалежнага расьсьледаваньня зьнікненьняў і правядзеньня міжнародных судоў у гэтых справах могуць стаць яшчэ больш жорсткімі рэкамэндацыямі ўсёй Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. І маўчаньне афіцыйнага Менску можа толькі спрыяць гэтаму. Да таго ж, мяркуе аўтар справаздачы, цягам найбліжэйшага часу можна забыцца пра пытаньне аднаўленьня для Беларусі статусу адмыслова запрошанага ў ПАРЭ.