Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖОНКІ ЗЬНІКЛЫХ НАПІСАЛІ ЛІСТ ХРЫСТАСУ ПУРГУРЫДЭСУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У сваім лісьце Хрыстасу Пургурыдэсу наконт справаздачы аб справах зьніклых беларускіх апазыцыянэраў Ірына Красоўская і Сьвятлана Завадзкая выказваюць падтрымку высновам, якія зрабіў кіпрыйскі парлямэнтар. “Спадзяёмся, вашая справаздача будзе прынятая ды істотна паспрыяе пошуку праўды пра палітычныя зьнікненьні ў Беларусі”, — пішуць Хрыстасу Пургурыдэсу Ірына Красоўская і Сьвятлана Завадзкая. Пры гэтым яны робяць некаторыя камэнтары, на іх думку, карысныя для справаздачы.

Два з гэтых камэнтароў датычныя тых момантаў справаздачы, у якіх згадваецца генэральны пракурор Беларусі Віктар Шэйман. Хрыстас Пургурыдэс у сваёй справаздачы цытуе Віктара Шэймана, паводле якога “былі знойдзеныя плямы фарбы не чырвонага, а вішнёвага колеру, які адпавядаў колеру джыпа Анатоля Красоўскага”. Гэтае цьверджаньне Ірына Красоўская абвяргае. Яна сьведчыць, што была на месцы здарэньня на наступны дзень і асабіста бачыла на дрэве ярка-чырвоныя, а не вішнёвыя плямы. Джып яе мужа сапраўды быў вішнёвага колеру, але сьляды фарбы, якія засталіся на дрэве ды ў іншых месцах, дакладна іншага паходжаньня, сьцьвярджае Ірына Красоўская. Для Радыё Свабода яна гэтак патлумачыла, чаму робіцца падмена чырвонага колеру на вішнёвы:

(Красоўская: ) “У мяне ёсьць заключэньне сьледчага Чумачэнкі, паводле якога былі сьведкі, якія бачылі ў двары чырвоны “БМВ”. А між тым, вядома з розных паказаньняў, у тым ліку пра гэта казаў Алкаеў, што на чырвоным “БМВ” езьдзіў Паўлічэнка. Таму, мяркую, першае, што сьледчыя мусілі зрабіць — гэта параўнаць тыя чырвоныя плямы з фарбай чырвонага “БМВ” Паўлічэнкі”.

У другім моманце, які згадваецца ў камэнтары, ідзе гаворка пра абсталяваньне для пошуку схаваных у зямлі целаў. Паводле Віктара Шэймана, нібыта няма дакладных зьвестак, што такое абсталяваньне сапраўды замаўлялася беларускай пракуратурай у Расеі. Аднак Сьвятлана Завадзкая і яе адвакат Сяргей Цурко заяўляюць, што на свае вочы бачылі афіцыйны ліст з такой просьбай. Яго нібыта падпісаў былы генэральны пракурор Беларусі Алег Бажэлка і накіраваў свайму расейскаму калегу Ўладзімеру Ўсьцінаву. Ліст быў датаваны 21 лістапада 2000 году. Ён быў падшыты як 269-я старонка 21-га тому крымінальнай справы аб выкраданьні Зьмітра Завадзкага. Таксама Сьвятлана Завадзкая і яе адвакат бачылі ліст, які адмяняе папярэднюю просьбу аб накіраваньні адмысловага абсталяваньня. Ліст усяго праз шэсьць дзён накіраваў у расейскую пракуратуру намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Сьнягір. Сьвятлана Завадзкая пацьвердзіла гэта для Радыё Свабода:

(Завадзкая: ) “Я на свае вочы бачыла гэтыя запыты. На імя Ўсьцінава запыт ад 21 лістапада 2000 году і потым ужо 27 лістапада адмова ад гэтага абсталяваньня, падпісаная намесьнікам генпракурора Сьнегіром”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG