Максім працаваў у рэстарацыі “МакДональдз” колькі гадоў таму, калі вучыўся ва ўнівэрсытэце. На той час для студэнта гэта было даволі лёгкім шляхам знайсьці часовы заробак. І заробак даволі прыстойны — на месяц выходзіла прыкладна 100 даляраў. Гадоў пяць таму такі заробак у Беларусі лічыўся зайздросным нават для кваліфікаванага адмыслоўцы. Але хлопец ня думаў, што праца акажацца настолькі складанай, асабліва што да службовай дысцыпліны. Спазьніўся на працу хоць на хвіліну — атрымліваеш папярэджаньне. Атрымаў тры папярэджаньні — цябе звальняюць. Працаўнік ў “МакДональдзе” выконвае фукнцыі паслухмянага мэханізму, трэба рабіць дакладна тое, што загадвае твой мэнэджэр. Ты — частка дакладна адладжанага канвэеру.
Цяпер Максім лічыць, што працаваць у “МакДональдзе” можна толькі часова, калі ты студэнт альбо вельмі малады чалавек без акрэсьленых плянаў на будучыню.
(Максім: ) “Ты адчуваеш, што ніякага кар’ернага росту, ніякай пэрспэктывы ў гэтай працы быць ня можа. І таму мне падаецца, што гэтая праца была б вельмі добрым дадаткам да стыпэндыі для студэнтаў. Калі чалавек ужо скончыў навучальную установу, ён ня можа працаваць там. А калі ён скончыў ВНУ і працуе ў “МакДональдзе”, то мне падаецца, гэта папросту няўдачнік, які ня можа знайсьці сябе ў іншай, больш вартай працы”.
Цяжкасьці псыхалягічнага кшталту адчуваюць ня толькі хлопцы й дзяўчаты з “МакДональдзу” ці якіх яшчэ падобных установаў. Натальля працавала ў беларускіх гандлёвых прадстаўніцтвах дзьвюх буйных замежных фірмаў. Уражаньні засталіся ня самыя прыемныя, хоць дзяўчына й магла ганарыцца высокімі й тэрмінова выплачанымі заробкамі. Штучная канкурэнцыя, інтрыгі ўнутры калектыву, страшэнная бюракратыя што да арганізацыі працы й неаплачаныя звышурочныя — вось такія ўспаміны пакінулі ў Натальлі ейныя спробы працаваць на замежнікаў у Беларусі. Яна кажа, што стан пэрманэнтнага стрэсу для супрацоўнікаў замежных фірмаў — ледзьве не звычайны стан.
Заходнія фірмы рэдка пакідаюць у сваіх беларускіх прадстаўніцтвах замежнікаў у якасьці начальнікаў на сталай працы. Звычайна ёсьць замежны бос, ён бывае тут наездамі, і ёсьць намесьнік. Гэта грамадзянін Беларусі, які кіруе фірмай, пакуль замежнага шэфа няма. Дэ-юрэ папросту мэнэджэр-выканаўца. Дэ-факта — аднаасобны кіраўнік фірмы. Менавіта з гэтым Натальля й сутыкнулася.
(Натальля: ) “Як правіла, у нечым больш прывілеяванае становішча начальніка выяўляе ягоныя адмоўныя рысы характару. Выяўляецца пыха. Як заўсёды: я начальнік, ты дурань. Магчыма, гэта яшчэ залежыць ад асобы кожнага чалавека. Але мой асабісты досьвед сьведчыць пра тое, што, калі зь беларускім працадаўцам я магу будаваць адносіны на роўных, ва ўсялякім выпадку не губляць пачуцьця ўласнай годнасьці і маю права прэтэндаваць на пашану да сябе, то ў заходніх прадстаўніцтвах сутыкнулася з тым, што існуе надзвычай грэблівае стаўленьне да сярэдняга й малодшага пэрсаналу. То бок часам да самадурства даходзілі нейкія патрабаваньні, загады”.
Высокія заробкі (400 даляраў штомесяц) не ўтрымалі Натальлю на гэтай працы. Яна звольнілася й цяпер зарабляе на жыцьцё рэпэтытарствам. Ёй падабаецца тое, што яна, прынамсі, ні ад каго не залежыць.
Зрэшты, у многіх выпадках што беларусу сьмерць, то для замежніка — звыклая справа. Прадстаўнік постсавецкага грамадзтва, выхаваны ў чаканьні так званай “халявы”, часта ня можа прыжыцца ў фірмах, дзе трэба выкладвацца цалкам. Псыхоляг Вольга Андрэева лічыць, што сучасны заходні бізнэс па сваёй сутнасьці аўтарытарны, а не дэмакратычны. І на ейную думку, гэта слушна. Прадугледжваецца, што чалавек павінен быць цалкам адданы кампаніі, у якой працуе. Калі яму нешта не падабаецца, ён павінен сысьці ў іншую кампанію. Альбо стварыць уласны бізнэс. Іначай кампанія папросту разваліцца, калі наймальнік будзе прыслухоўвацца да кожнай заўвагі сваіх працаўнікоў ды паставіць сабе за мэту ўлагодзіць усе іхныя прэтэнзіі. Чалавек, які сам стварыў бізнэс і новыя працоўныя месцы, мае права патрабаваць ад сваіх працаўнікоў шмат. Працаўнік павінен трывожыцца за сваё месца і ведаць, што на яго заўсёды можа прыйсьці нехта іншы, таму штучна накручваць канкурэнцыю някепска. Іншая справа, што для былых савецкіх грамадзянаў гэта нязвыкла.
Да таго ж, досьвед працы ў замежнай кампаніі — вельмі добры радок у любым рэзюмэ, гаворыць спадарыня Андрэева.
(Андрэева: ) “Я лічу, што гэта вельмі пазытыўны досьвед для маладых людзей, якія папрацавалі на замежных працадаўцаў. Па-першае, у іх падвышаецца дысцыпліна. Яны пачынаюць разумець, што такое працоўная дысцыпліна ў сучасным заходнім сьвеце. І наагул, нармальны заробак не атрымліваюць — яго зарабляюць. І на працу чалавек ідзе не для атрыманьня псыхатэрапіі. Там, на Захадзе, за псыхатэрапію ня плацяць. А на працы яны працуюць”.
Такім чынам, беларусы яшчэ не прызвычаіліся да заходніх парадкаў. Дый, відаць, няхутка прызвычаяцца. Зрэшты, замежнікі, што спрабуюць весьці свой бізнэс у Беларусі, таксама ня могуць сьцяміць, як можна так ставіцца да працы. Як цьвердзіць нямецкі бізнэсоўца Енц Маер, славутая танная й высокакваліфікаваная працоўная сіла, якую замежныя наймальнікі быццам бы знаходзяць у нас, ня болей чым міт.
(Маер: ) “Па-першае, яны зусім непунктуальныя. Потым, яны недысцыплінаваныя і патрабуюць вельмі высокіх заробкаў. І яны зусім не спэцыялісты: яны нічога ня ведаюць, іх трэба вучыць ад пачатку да канца. Абсталяваньня яны ня ведаюць, раней у Беларусі такіх тэхналёгіяў не было. Яны думаюць, што калі гэта замежная фірма, СП, то яны могуць з гэтага патрабаваць заробкаў, гэта факт”.
На пытаньне, колькі ён плаціць сваім працаўнікам, спадар Маер адказвае, што заробкі ў ягонай фірме вельмі высокія. Да таго ж, ягоныя працаўнікі праходзяць грунтоўны курс навучаньня й пасьля робяцца сапраўднымі спэцыялістамі. Таму яны не заробак атрымліваюць, а хутчэй стыпэндыю.
Але пры гэтым спадар Маер кажа, што беларусам ня варта зайздросьціць, калі яны атрымалі працу ў замежнай фірме. Немец на сваёй радзіме, калі наймаецца на працу, ведае свае абавязкі й свае правы — усё дакладна абгаворана ў кантракце. Яго могуць лёгка звольніць, калі ён не прытрымліваецца кантракту. Але й наймальнік можа дорага заплаціць за невыкананьне сваіх абавязкаў — у Нямеччыне нярэдкія выпадкі судовых разбораў, калі справа вырашаецца на карысьць наёмнага працаўніка. А паспрабуйце ў Беларусі выйграць суд супраць прадпрыемства — гэта амаль нерэальна.
Ёсьць, аднак, і вялікія плюсы ў працы на замежнікаў, якія цяжка адмаўляць. Офіс у цэнтры гораду, добрая аргтэхніка, магчымасьці падвышаць сваю кваліфікацыю, вучыць замежныя мовы, вандраваць у іншыя краіны. Але ў Беларусі такія перавагі пакуль што ня ўсе цэняць.