Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІХАІЛ СААКАШВІЛІ – ПРЭЗЫДЭНТ НАДЗЕІ


Юры Дракахруст, Прага

(Саакашвілі: ) “Я вельмі ўзрушаны. На маіх плячох вялікі цяжар. Але калі мы будзем разам, Грузія будзе ўратаваная, Грузія будзе квітнець, Грузія выжыве. Мы ўсе ганарымся нашай краінай, і мы будзем ганарыцца ёй у 10 разоў больш”.

З такімі словамі Міхаіл Саакашвілі зьвярнуўся ўчора да тысячаў сваіх прыхільнікаў, што сабраліся на мітынг у Тбілісі. Лідэр апазыцыі, змагар з уладаю сам стаў уладаю, атрымаўшы бэспрэцэдэнтны мандат народнага даверу. Нават былы прэзыдэнт Эдуард Шэварнадзэ паведаміў ўчора, што прагаласаваў за Саакашвілі, які 2 месяцы таму адхіліў яго ад улады. Лічбы падтрымкі Саакашвілі параўнальныя з вынікамі выбараў у якой-небудзь дыктатарскай краіне, між тым шматлікія назіральнікі, што прысутнічалі на ўчорашніх выбарах, не адзначаюць колькі-небудзь сур’ёзных адхіленьняў ад дэмакратычных стандартаў. Пра тое, што Саакашвілі – прэзыдэнт надзеі, сьведчыць і надзвычай высокая яўка: у галасаваньні ўзялі ўдзел 83% грузінскіх выбаршчыкаў.

Разам з тым варта адзначыць, што новаму кіраўніцтву краіны дасталася незайздросная спадчына. Сярэдні заробак у Грузіі складае 40 даляраў на месяц, 70% эканомікі належаць да ценевай сфэры, краіна лічыцца адной з самых карумпаваных ў сьвеце.

Менавіта карупцыя абвешчаная новым грузінскім лідэрам ворагам нумар адзін. Першым пунктам ягонай перадвыбарчай праграмы было прыняцьцё закону пра вяртаньне незаконна нажытай маёмасьці.

Але ня меншыя, калі ня большыя праблемы чакаюць новае кіраўніцтва Грузіі ў замежнапалітычнай сфэры, прынамсі ў адносінах з Расеяй. Учора, пасьля таго як сталі вядомыя папярэднія вынікі выбараў, Міхаіл Саакашвілі заявіў:

(Саакашвілі: ) “Адным з галоўных прыярытэтаў новага кіраўніцтва Грузіі ёсьць усталяваньне больш шчыльных, цёплых і дружалюбных адносінаў з Расейскай Фэдэрацыяй. Першыя крокі ў гэтым накірунку ўжо зробленыя. Натуральна, мы маем уласныя нацыянальныя інтарэсы, і Расея як звышдзяржава мае ўласныя нацыянальныя інтарэсы, але мы абавязкова знойдзем грунт для нармалізацыі нашых стасункаў і пачнем новую эру ў нашых адносінах”.

Міхаіла Саакашвілі называюць самым праамэрыканскім палітыкам Грузіі. Разам з тым новы лідэр краіны дэманструе гнуткасьць і прагматызм, дэманструючы гатоўнасьць улічваць інтарэсы паўночнага суседа. Нехзадоўга да выбараў, адказваючы на пытаньні слухачоў Бі-Бі-Сі, ён падкрэсьліў, што Грузія не хацела б, збліжаючыся з НАТА, штучна аддаляцца і дражніць Расею. “Мы хацелі б інтэгравацца ў паўночнаатлянтычную прастору разам з Расеяй, калі гэта магчыма“, – казаў тады Саакашвілі. Разам з тым ён адзначыў, што менавіта эўраінтэграцыя, уступленьне ў НАТА і ў Эўразьвяз зьяўляюцца галоўнымі задачамі новай Грузіі. Саакашвілі падкрэсьлівае, што Грузія не зьбіраецца выходзіць з СНД, хаця і ня бачыць вялікіх пэрспэктываў гэтага міждзяржаўнага ўтварэньня.

Адносіны з Расеяй наўпрост зьвязаныя з адной самых балючых праблемаў Грузіі – праблемай яе тэрытарыяльнай цэласьці. Дзьве грузінскія аўтаноміі –Абхазія і Паўдзёная Асэтыя – даўно абвесьцілі пра сваю незалежнасьць, вялікія праблемы Тбілісі мае з Аджарыяй. У мінулым месяцы Міхаіл Саакашвілі даволі жорстка ацаніў спробы Крамля выкарыстаць сэпаратыстаў для ціску на новае кіраўніцтва Грузіі:

(Саакашвілі: ) “Мы – дзяржава, і Расея павінна разумець, што мы дзяржава. Але натуральна, што мы будзем паважаць і інтарэсы Расеі таксама. Расея зрабіла некалькі непатрэбных жэстаў пасьля падзеяў у Грузіі. Напачатку Ігар Іваноў адыграў канструктыўную ролю. Але пасьля яны прынялі некалькіх сэпаратысцкіх лідэраў у Маскве, зрабілі некалькі крытычных заяваў. Але я мяркую, што гэта часовая рэакцыя, і я спадзяюся, што яны зразумеюць, што зараз у Грузіі ў іх зьявіцца добры партнэр для перамоваў”.

У апошнія дні напярэдадні выбараў паміж Тбілісі і Батумі намецілася пэўнае паразуменьне, улады аўтаноміі адмянілі надзвычайнае становішча, уведзенае пасьля “рэвалюцыі ружаў”, і дазволілі правесьці ў Аджарыі выбары прэзыдэнта Грузіі. У галасаваньні ўзялі удзел чвэрць аджарскіх выбаршчыкаў, у тым ліку і сама кіраўнік аўтаноміі Аслан Абашыдзэ. Паводле некаторых зьвестак, зьмена паводзінаў кіраўніцтва Аджарыі стала вынікам супольнага ціску на яго з боку Вашынгтону і Масквы.

Куды больш складанымі застаюцца адносіны цэнтральнай грузінскай улады з Сухумі і Цхінвалі. Прэзыдэнт Паўдзёнай Асэтыі Эдуард Какойты заявіў, што не зьбіраецца прызнаваць Саакашвілі новым прэзыдэнтам Грузіі. Разам з тым, паводле грузінскага цэнтарвыбаркаму, у некаторых раёнах Паўдзёнай Асетыі выбары прэзыдэнта Грузіі ўсё ж праводзіліся.

Кіраўніцтва Абхазіі заявіла, што жадае адносінаў з Грузіяй, заснаваных на роўнасьці і добрасуседзтве, наконт выбараў прэзыдэнта Грузіі віцэ-прэзыдэнт Абхазіі Валер Ашба зазначыў, што Абхазія ня ўмешваецца ва ўнутраныя справы суседняй краіны.

Пераможца ўчорашніх грузінскіх выбараў заявіў, што гатовы аднавіць дыялёг з Абхазіяй, ён падкрэсьліў, што адзіная грузінская дзяржава будзе заснаваная на прынцыпах шырокай аўтаноміі для яе суб’ектаў. Разам з тым Міхаіл Саакашвілі падкрэсьліў, што новае кіраўніцтва краіны ніколі не дапусьціць, каб Абхазія не лічылася афіцыйна часткаю Грузіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG