Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТЫСЯЧЫ СЕМ’ЯЎ НЯ МОГУЦЬ СПЛАЦІЦЬ КАМУНАЛЬНЫХ ВЫПЛАТАЎ З ПРЫЧЫНЫ НІЗКІХ ДАХОДАЎ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

У забруджаным радыяцыяй райцэнтры Хойнікі па жыльлёвыя субсыдыі зьвярталіся каля 400 сем’яў. Гэта тыя, у каго сума камунальных выплатаў перавысіла 25% сукупнага даходу сям’і. Колькасьць такіх сем’яў у Хойніках за мінулы год павялічылася больш як на траціну. Нямала людзей зьвяртаюцца па субсыдыі і ў абласным цэнтры. Асабліва шмат такіх сярод адзінокіх пэнсіянэраў.

Сваім досьведам дзеліцца былая выхавацелька дзіцячага садку Раіса Мяцеліца. Яна зьвяртаецца па субсыдыі ў жыльлёва-камунальную ўправу №20 адміністрацыі Савецкага раёну:

(Мяцеліца: ) “Прынесла я першы раз дакумэнты на субсыдыю. Сядзіць бугальтарка па субсыдыях, дык яна мае паперы адкінула, не ўзяла. Сказала: “Усякія тут будуць хадзіць”. Ладзілася ў Гомелі гарачая тэлефонная лінія. Я патэлефанавала на гэту лінію. Другі раз дык ужо забралі ў мяне гэтыя даведкі”.

Каб атрымаць субсыдыю, пэнсіянэрцы трэба спачатку зьвярнуцца ў аддзел сацыяльнага забесьпячэньня раённай адміністрацыі, атрымаць даведку пра памер пэнсіі. І калі яна менш за 108 тысяч рублёў, а камунальныя выплаты перавышаюць 27 тысяч, то можна спадзявацца на субсыдыю. Даведку, аднак, павінна зацьвердзіць яшчэ загадчыца райсабесу. Калі ж дом каапэратыўны, то патрэбная яшчэ і даведка з каапэратыву. Гаворыць Раіса Мяцеліца:

(Мяцеліца: ) “У нас каапэратыўны дом. Я з даведкай райсабесу павінна ісьці да свайго старшыні і ўзяць даведку, што я жыву адна. І гэта кожны раз. Ня так, што я занесла даведку на ацяпляльны сэзон, на гэтыя шэсьць месяцаў — і ўсё”.

Да ўсіх атрыманых даведак у жыльлёва-камунальную ўправу, якая налічвае субсыдыі, трэба падаць квіткі аплаты электраэнэргіі, вады ды іншых выплатаў. Бязь іх таксама субсыдыі не атрымаеш. Але і гэта яшчэ ня ўсё. З сумы субсыдыі ва ўладальнікаў каапэратыўных кватэраў бяруць падатак у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Гомельская пэнсіянэрка Раіса Мяцеліца гэтак падсумавала вынік дзяржаўнай дапамогі:

(Мяцеліца: ) “З гэтых жабракоў бяруць яшчэ ў фонд сацыяльнай абароны. І калі гэты падатак адкінуць, атрымліваецца 10 тысяч рублёў. Але нават і гэтая субсыдыя прыходзіць зь вялікім спазьненьнем. Пойдзем пабірацца!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG